Да Года Малой Радзімы


А.Ф. Рогалеў, доктар філалагічных навук, прафесар ГДУ імя Ф. Скарыны ў кнізе “Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: мінулае і сучаснасць” прапанаваў сваю версію паходжання наймення гэтай мясцовасці. “Назву вёскі Красны Бераг, размешчанай на беразе ракі Добасны, часта разумеюць у значэнні ‘прыгожы, цудоўны, маляўнічы бераг ракі’. Нельга не пагадзіцца з А.М. Пабалаўцом, што пры такім тлумачэнні гэты населены пункт павінен як па-руску, так і па- беларуску называцца аднолькава. Тым больш што мясцовыя жыхары ніколі не называюць яго Чырвоны Бераг.

Аляксандрам Мікалаевічам здзейснена вялікая задума – занатаваць на паперы і пакінуць нашчадкам каштоўнейшыя звесткі пра гісторыю ўзнікнення і існавання Краснага Берага, пра людзей, што жылі і жывуць там. Трэба вельмі моцна любіць свой родны кут, сваякоў, землякоў, каб так пранікнёна напісаць, укласці ў працу часцінку свайго сэрца.

24 кастрычніка 2018 года Аляксандра Мікалаевіч Пабалавец завітаў да выкладчыкаў і студэнтаў філалагічнага факультэта, каб падзяліцца сваімі задумамі і этнаграфічнымі знаходкамі аб сваёй Малой Радзіме. 

А ўсё пачыналася з дзяцінства… З вялікім замілаваннем, цеплынёй і пяшчотай гаворыць аўтар кніг пра сваіх бацькоў, шчырых, сціплых, сумленных, адданых працы людзей. Гэтыя якасці і найперш любоў да вялікай і малой Радзімы, да роднай мовы выхоўвалі яны і ў сваіх дзяцей.

Нарадзіўся Аляксандр Мікалаевіч 14 кастрычніка 1956 года, на вялікае рэлігійнае свята Пакровы. З гумарам ён заўсёды ў сяброўскіх адносінах: “Добра памятаю, што было гэта ў нядзелю, у 10 гадзін раніцы…” Не аднойчы даводзілася чуць ад старых людзей, што народжаныя ў гэты дзень атрымалі ў дар пацалунак Божай Маці. Яны надзелены дабрынёй, спагадай, вялікай любоўю да людзей, таленавітыя і працаздольныя. Гэта з поўным правам можна сказаць і пра майго земляка. У 1973 годзе ён закончыў Краснабярэжскую сярэднюю школу, пасля была служба ў радах Савецкай Арміі ў войсках спецыяльнага прызначэння (г.Клімаўск Маскоўскай вобласці). Пасля арміі працаваў на Гомельскім заводзе “Крышталь” аграншчыкам алмазаў у брыльянты, пасля майстрам. Закончыў геаграфічны факультэт БДУ (1986 год). З гэтага часу выкладаў геаграфію ў школах Гомеля. Зараз працуе сацыяльным педагогам у УА “Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй”. Па гэтай спецыяльнасці ў 2010 годзе закончыў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Сорак адзін год у згодзе і ладзе жыве са сваёй жонкай Зінаідай Яўгеньеўнай. А яшчэ ён цудоўны бацька і дзядуля. Дзеці і ўнукі ні дня не могуць пражыць без цяпла яго душы, без цікавых апавяданняў, слушных парад, мудрых разважанняў.

Першая частка вялікай працы аўтара прысвечана экскурсу ў гісторыю Краснага Берага. Колькі цікавага можна даведацца з яе! І пра заснавальніка гэтай мясціны, і пра панскі маёнтак, і будаўніцтва чыгункі, і падзеі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны, і пасляваенныя будні, і нашы дні, і мемарыяльны комплекс “Дзецям – ахвярам вайны”, які наведваеш са слязамі на вачах. Другая частка апавядае пра жыццёвы шлях тых, хто нарадзіўся тут, працаваў або працуе, чый лёс так ці інакш пераплятаецца з лёсам гэтага слаўнага кутка Жлобіншчыны. Ім ёсць што сказаць, падзяліцца думкамі, успамінамі. Аўтар выношвае задуму выдання трэцяй часткі пад назвай “Красны Бераг. Шануй бацькоў сваіх”, якая раскажа пра слаўны род аўтара кнігі, пра тое “дрэва”, што ўзнікла многа стагоддзяў назад, галінкам якога суджана няспынна разрастацца і разрастацца.

Прыгадваецца, што “Новую зямлю” Якуба Коласа называлі энцыклапедыяй беларускага сялянства. Несумненна, твор Аляксандра Мікалаевіча Пабалаўца - таксама своеасаблівая энцыклапедыя, толькі ў мініяцюры. Аўтара кнігі, краязнаўца, географа, гісторыка, з поўным правам можна назваць пісьменнікам і публіцыстам, дапытлівым, нястомным, працалюбівым. Публіцыстычны твор змяшчае ў сабе дакументальную хроніку, падмацаваную элементамі апавядання, апісання, разважання. Пра тытанічную працу Аляксандра Мікалаевіча гавораць у кнізе важныя архіўныя звесткі, лічбы, факты, паведамленні пра паходжанне ўласных назваў, сустрэчы і гутаркі з аднавяскоўцамі і ўсімі, хто называе сваёй малой радзімай Красны Бераг.

Аўтар вяртае ў гады дзяцінства і маладосці сваіх сяброў, суседзяў, знаёмых. Перад вачыма паўстаюць вобразы жыхароў, якія гераічнымі ўчынкамі, самаадданай працай услаўлялі родную зямлю і якіх ужо няма разам з намі. І шчымлівы боль сціскае сэрца, а разам з ім адчуваеш гонар за тое, што ведаў іх, жыў побач з імі. Радкі твора знітаваны ў адно цэлае, чытаюцца з вялікай цікавасцю, на адным дыханні. І чарговы раз падумаю, што Красны Бераг – самае лепшае месца на зямлі, мілы сэрцу куточак, які дае нам сілы і натхненне.

Упершыню ў айчыннай публіцыстыцы скрупулёзна і падрабязна апісваецца гісторыя Краснага Берага і, у пэўнай ступені, навакольных вёсак на аснове дакументальна пацверджаных фактаў, біяграфій і аповедаў нашых землякоў розных пакаленняў. Вялікі дзякуй і нізкі паклон аўтару ад мяне асабіста і ад усіх краснабярэжцаў за адданасць родным вытокам, за вялікую працу, ад якой не адрокся, нягледзячы на цяжкасці, і ішоў да мэты, здзяйсняючы штодзённы, незаўважны на першы погляд працоўны подзвіг.

Успамінаюцца словы Яўгена Пабалаўца, сына Аляксандра Мікалаевіча: “Калі любоў да радзімы выяўляецца ў дробязях, у захапленні кожнай сцежкай і кожным лісточкам яблынь у садзе, калі хочацца пра гэта крычаць, дзяліцца самым патаемным з блізкімі табе людзьмі, тады нараджаюцца вось такія кнігі…”

 

  Л.М.Мінакова


 

1

 

 

2

 

 

3

 

 

4

 

 

5

 

 

6

 

 

7

 

 

2011 Да Года Малой Радзімы. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates