“СВЯТЛО ДУШЫ І ТАЛЕНТУ СВЯТЛО…”

Самыя цёплыя і шчырыя словы, якія кранаюць да глыбіні душы, гучалі 26 снежня ў адрас доктара філалагічных навук прафесара кафедры беларускай мовы Аляксандры Аляксандраўны Станкевіч на святочных урачыстасцях, прысвечаных яе юбілею. Аляксандра Аляксандраўна – чалавек з багацейшым унутраным светам, які цеплыню свайго сэрца аддае ўсім, з кім жыве і працуе. Яна прафесіянал сваёй справы, эрудзіраваная асоба, бліскучы аратар. Яе мілагучная і прывабная мова заўсёды гучыць як песня.

Больш за 20 год Аляксандра Аляксандраўна ўзначальвала кафедру беларускай мовы. Сёння яна з’яўляецца дырэктарам Навукова-даследчага інстытута гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў, адкрытага пры ГДУ імя Ф. Скарыны. Аляксандра Аляксандраўна ўзначальвае навукова-педагагічную школу “Беларуская лінгвістыка”. Заслужаная, аўтарытэтная ў навуковым свеце, Аляксандра Аляксандраўна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, граматамі Міністэрства адукацыі і ВАК Беларусі, з’яўляецца членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі адукацыі.

Аляксандра Аляксандраўна навучыла роднай мове не адно пакаленне настаўнікаў і выкладчыкаў. Заняткі, дзе яна адкрывае для студэнтаў дзверы ў цудоўны свет ведаў, далучае да бясцэнных вытокаў чалавечай мудрасці, заўсёды праходзяць на высокім узроўні. Лекцыі Аляксандры Аляксандраўны ўзорныя, а сама яна для большасці з калег з’яўляецца недасягальным эталонам.

Урачыстасці пачаліся з выканання гімна студэнтаў “Gaudeamus”. Афіцыйную частку адкрыў дэкан філалагічнага факультэта У.А. Бобрык. Павіншаваць Аляксандру Аляксандраўну прыйшлі рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны С.А. Хахомаў, прарэктар па вучэбнай рабоце І.В. Семчанка, старшыня прафкама супрацоўнікаў У.В. Арлоў.

Жадаючых павіншаваць Аляксандру Аляксандраўну было шмат: гэта і яе калегі, і дактаранты, і аспіранты, і магістранты, і студэнты. Шчырыя словы выказалі загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры І.М. Афанасьеў, загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі В.С. Новак, д.ф.н., загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства У.І. Коваль, дацэнт кафедры беларускай мовы Н.А. Багамольнікава і інш. Былі і госці з іншых навучальных устаноў, з якімі наш юбіляр падтрымлівае цеснае навуковае супрацоўніцтва: д.ф.н., прафесар В.В. Шур (Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт), д.ф.н. С.М. Старадубец (Бранскі дзяржаўны ўніверсітэт імя акадэміка І.Г. Пятроўскага, філіял у г. Навазыбкаве), намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце В.А. Торра (Рэчыцкі педагагічны каледж).

Акрамя цёплых слоў і пажаданняў, гучалі на святкаванні і песні на роднай мове ў выкананні студэнтаў філфака.

У гэты святочны дзень прафесар Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч прымала самыя цёплыя словы падзякі за руплівую працу, за падрыхтоўку высокаадукаваных і творчых асоб, за прафесіяналізм, мэтанакіраванасць і самааддачу. Усе жадалі юбіляру моцнага здароўя, жыццёвай утульнасці, сямейнага дабрабыту, задавальнення ад выкладчыцкай і навуковай працы.

К.ф.н, дацэнт Паплаўная Л.В.,

к.ф.н., дацэнт Цімашэнка Н.П.




2011 “СВЯТЛО ДУШЫ І ТАЛЕНТУ СВЯТЛО…”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates