Main
ІІІ этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”
17.03.2023 на базе філалагічнага факультэта праходзіў ІІІ этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”. Лепшыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры нашай вобласці – Есіс Яўген Валер’евіч, Зямлянік Таццяна Мікалаеўна, Галіцкая Мая Аляксандраўна – паказалі свае майстар-класы на студэнтах 2-3 курсаў нашага факультэта, якім такі актыўны вопыт быў вельмі карысным.
Есіс Яўген Валер’евіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №16 г.Мазыра”, прапанаваў майстар-клас “Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні на ўроках літаратуры: значэнне, структура, перспектывы выкарыстання”, мэтай якога было паказаць, як фармуляваць кампетэнтнасна-арыентаванае заданне, якімі паказчыкамі яно характарызуецца і чаму вучыць такое заданне.
Зямлянік Таццяна Мікалаеўна, настаўніца ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Турава”, прапанавала майстар-клас “Казка – у жыцці падказка”, мэтай якога было пазнаёміць з паняццем медыяграматнасці: умець знаходзіць патрэбную інфармацыю ў сеціве, аналізаваць і ацэньваць паведамленні ў розных відах, жанрах і формах медыя і ствараць уласныя медыятэксты.
Галіцкая Мая Аляксандраўна, настаўніца ДУА “Чабатовіцкая сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна”, прапанавала майстар-клас “Стужка часу як адзін са спосабаў развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры”, мэтай якога было пазнаёміць з прапанаваным прыёмам візуалізацыі, паказаць розныя яго віды і спосабы выкарыстання.
Нашы будучыя настаўнікі былі вельмі задаволены ўдзелам, высока ацанілі прафесіяналізм настаўнікаў, наглядна пазнаёміліся з прымяненнем розных прыёмаў і формаў працы на ўроку. Дзякуем арганізатам за выбар філалагічнага факультэта ў якасці пляцоўкі для правядзення такога конкурсу.
З.У. Шведава