Main
Канферэнцыя "Свабодны выбар 2023"
25 сакавіка ў ДУА “Гімназія № 10 г.Гомеля” адбылася канферэнцыя “Свабодны выбар 2023”. Гэта была 19 па ліку канферэнцыя, на якой зноў у актавай зале, пасля трохгадовай завочнай формы работы, сабраліся вучні розных школ, гімназій і кадэцкага вучылішча горада Гомеля. З прывітальным словам да ўсіх прысутных і пажаданнем поспехаў у прадстаўленні і абароне сваіх навуковых праектаў, справядлівай ацэнцы іх журы да ўдзельнікаў канферэнцыі, настаўнікаў-кіраўнікоў навуковых праектаў, членаў журы звярнуліся дырэктар гімназіі № 10 І. В. Бяспалая і доктар філалагічных навук прафесар кафедры беларускай мовы В. А. Ляшчынская.
Сярод выдзеленых секцый па самых розных галінах навукі працавала секцыя “Спадчына (беларуская мова і літаратура)”, на якой было заслухана 12 дакладаў вучняў старэйшых класаў розных устаноў горада Гомеля і адзін даклад вучаніцы гімназіі горада Добруша. Прадстаўленыя даклады і іх прэзентацыі навучэнцамі, якія былі папярэдне адабраны з ліку ў некалькі разоў большай колькасці навукова-даследчых работ вучняў горада, былі прысвечаны самым розным, але цікавым і арыгінальным тэмам па пытаннях беларускай мовы, літаратуры, фальклору і адлюстравалі няхай і першыя, але ўпэўненыя крокі вучняў у адкрыцці для сябе новага, цікавага, у больш глыбокім вывучэнні паасобных аспектыў беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства. Гэта, напрыклад, выяўленне і аналіз старажытных назваў адзення ў гістарычных творах У. Караткевіча, прозвішчаў вучняў сваёй школы, назваў раслін у шматмоўным слоўніку Зоські Верас, афарызмаў, надпісаў на посудзе, мянушак людзей пэўнай мясцовасці, вобразных сродкаў у мастацкім тэксце, вобраза дубу ў фальклоры і літаратуры і інш. Асаблівай увагі заслугоўвае далучэнне да даследчай работы вучаніц 6 класа (Плеская Яніна і Падкоўка Соф’я з СШ № 42 г. Гомеля), якія ўжо пачалі вывучаць сімволіку беларускага арнаменту.
У журы секцыі працавалі і ацэньвалі работы вучняў тры прадстаўнікі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”: старшыня журы праф. В.А. Ляшчынская, члены журы загадчык кафедры беларускай мовы кандыдаты філалагічных навук дацэнт А. М. Воінава і дацэнт кафедры беларускай літаратуры Т. А. Фіцнер, якімі была праведзена прафарыентацыйная гутарка.
Правядзенне такой штогадовай канферэнцыі вучняў сярэдніх навучальных устаноў толькі ў межах нашага горада – гэта пачатковая школа падрыхтоўкі будучых даследчыкаў, творчых і ініцыятыўных студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, неабыякавых да ўсяго людзей, дапытлівых і няўрымслівых, крэатыўных і выніковых у працы і жыцці грамадзян нашай краіны.
В. А. Ляшчынская