Main

ГІСТОРЫКУ, ЛЕКСІКОГРАФУ, БЕЛАРУСАЗНАЎЦУ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

18-19 сакавіка 2025 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук адбылася Рэспубліканская канферэнцыяі “Беларускае гістарычнае мовазнаўства: стан і перспектывы развіцця”. Канферэнцыя арганізавана і прысвечана ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння члена-карэспандэнта НАН Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мікалаевіча Булыкі, вядомага ў шырокіх навуковых колах філолагаў Беларусі і за яе межамі як даследчыка гісторыі развіцця і станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы, старабеларускай мовы, мовы Францыска Скарыны, лексікографа, складальніка шматлікіх і розных слоўнікаў, сярод якіх адзіны ў беларускай мове слоўнік іншамоўных слоў у двух тамах.

Віншаванні, шчырыя словы ўдзячнасці, прызнання заслуг юбіляру выказалі і даслалі філолагі і не толькі з розных навуковых і навучальных устаноў горада Мінска, усіх абласных універсітэтаў нашай краіны і з-за мяжы. А. М. Булыку добра ведаюць у “ГДУ імя Ф. Скарыны”  не толькі як вучонага-лінгвіста, але і як сябра кафедры беларускай мовы, памятаюць як члена былога на філалагічным факультэце Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый на працягу ўсяго існавання Савета, апанента дысертацыйных даследаванняў асобных нашых выкладчыкаў.

Ад імя супрацоўнікаў і студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны вітальны адрас за подпісамі рэктара С.А. Хахомава і дэкана філалагічнага факультэта А.М. Палуян уручыла М.А. Булыку прафесар Ляшчынская В.А., перадала шчырыя пажаданні моцнага здароўя, творчых вынікаў у працы, якую юбіляр не спыняе, ад імя ўсіх членаў кафедры беларускай мовы, падкрэсліўшы заслугі і ролю А.М. Булыкі ў развіцці беларускага мовазнаўства па многіх яго напрамках, адзначыўшы выключную працаздольнасць, мэтавую накіраванасць у навуковых даследаваннях,  творчы запал, гумар і дасціпнасць.

Працягам урачыстасцей стала работа пленарнага пасяджэння канферэнцыі, дзе сярод іншых з дакладам выступіла прафесар В.А. Ляшчынская, а затым работа двух секцый – “Актуальныя пытанні гісторыка-лінгвістычных даследаванняў” і  “Надзённыя пытанні сучаснага беларускага мовазнаўства”. Завяршэннем работы канферэнцыі стаў аргнізаваны круглы стол “Аляксандр Мікалаевіч Булыка: асоба, вучоны, педагог”.

2011 ГІСТОРЫКУ, ЛЕКСІКОГРАФУ, БЕЛАРУСАЗНАЎЦУ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates