Main

Выхад новай книгі

 Шаноўныя сябры!

На кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі стала добрай традыцыяй распачатая пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры, доктара філалагічных навук, прафесара Валянціны Станіславаўны Новак работа па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў. Кніга “Гаючае слова роднай зямлі (беларускія лекавыя замовы)”, якая ўбачыла свет у выдавецтве БАРК напрыканцы 2013 года, – лагічны працяг гэтай работы. У выданні сабраны лепшыя ўзоры замоўнай творчасці беларусаў, запісаныя студэнтамі філалагічнага факультэта, супрацоўнікамі кафедры падчас палявых экспедыцый, якія штогод ладзяцца ў межах вучэбнай праграмы, а таксама індывідуальных запісаў.

Замовы заўсёды прыцягвалі да сябе ўвагу людзей сваёй магічнасцю, здольнасцю пасродкам слова і дзеяння ўплываць на пэўныя бакі жыцця і дзейнасці чалавека. А колькі таямнічасці ў самім абрадзе лекавання: “…Звычайная сялянская хата. “Чырвоны кут” з абразамі, у якіх адбіваецца святло лампады… Сур’ёзны і ў той жа час вельмі добры Святы Лік глядзіць на кожнага, хто пераступае парог гэтай хаты… З чым прыйшоў гэты чалавек: з дабром або са злом, або з тым, што набалела на душы, або з тым, ад чаго баліць цела… Насупраць весела патрэсквае дровамі печ, з якой, толькі не даглядзі, выскачыць гарэзлівы вугалёчак, не ведаючы, да чаго можа прывесці яго гарэзлівасць… Прыцішанае фіранкамі святло ў пакоі… Ласкавы і трапяткі агеньчык грамнічнай свячы… Старэнькая бабулька ў простым, але чыстым адзенні з амаль няўлоўным выразам занепакоенасці на твары… Малады прыгожы хлопец, твар якога не пашкадавала хвароба… Адзін уважлівы позірк, і дакладны дыягназ – вогнік… Ласкавым, але ўпэўненым рухам бабуля садзіць перад сабою хлопца…”.

“Гаючае слова роднай зямлі (беларускія лекавыя замовы)” пазнаёміць зацікаўленага чытача з замовамі ад розных хвароб, а таксама некаторымі каментарыямі да іх, дадзенымі нашымі шаноўнымі інфарматарамі. З пажаданнямі добрага здароўя і дабрабыту аўтар-укладальнік Святлана Вяргеенка.

 


2011 Выхад новай книгі. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates