У гонар Максіма Багдановіча

9 снежня мы адзначаем 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча – аднаго са стваральнікаў беларускай мастацкай літаратуры, паэта і празаіка, літаратурнага крытыка і публіцыста, перакладчыка і гісторыка літаратуры.

На філалагічным факультэце вырашылі адзначыць гэтую падзею шэрагам мерапрыемстваў: квэст “Лабірынты жыцця і творчасці М.Багдановіча”, чэлендж “Чытаем Багдановіча разам”, літаратурная гасцёўня “Загадка Багдановіча” і інш.

Тут можна паглядзець фота

У квэсце “Лабірынты жыцця і творчасці М.Багдановіча” ўзялі ўдзел 8 каманд, якія спаборнічалі за права называцца лепшымі знатакамі біяграфіі і творчай спадчыны беларускага генія. Варта заўважыць, што сярод удзельнікаў былі не толькі прадстаўнікі філалагічнага факультэта, але і зборная каманда студэнцкага савета ўніверсітэта.

Аўтар і вядучая квэста Таццяна Пімінёнкава, студэнтка гр. БФ-31, адзначае: – З павагай і зацікаўленасцю патрэбна ставіцца да роднага! Я люблю сваю краіну і, канешне, славутых песняроў нашай зямлі. Зразумела, што нельга было пакінуць па-за ўвагай 130-годдзе са дня нараджэння таленавітага аўтара. Яго прага да жыцця, яго нязломная моц душы натхнілі мяне на стварэнне квэсту “Лабірынты жыцця і творчасці М.Багдановіча”. Я разумела, што студэнтаў вельмі цяжка зацікавіць нейкай віктарынай або нечым падобным. Па гэтай прычыне прыйшла думка зрабіць усё гэта ў фармаце гульні. І, хутчэй за ўсё, я не прагадала. Бачыла на тварах усмешкі і адчувала цудоўны настрой удзельнікаў, а гэта адна з галоўных мэт усяго, што мы робім. Я шчыра веру, што квэст дапамог маладым людзям яшчэ раз успомніць пра жыццё і дзейнасць выдатнага беларускага пісьменніка.

Анлайн-праект “Чытаем Багдановіча разам” аб'яднаў усіх аматараў вершаванага слова. Студэнты-філолагі і далучыўшыеся да іх біёлагі, школьнікі, выкладчыкі на працягу дзесяці дзён чыталі любімыя творы, напісаныя таленавітай рукою нацыянальнага паэта. – Удзел у гэтым чэленджы даў магчымасць не толькі мне яшчэ раз перачытаць творы Максіма Багдановіча, але і ўсім тым, хто сутыкаецца з беларускай літаратурай радзей, дазволіў далучыцца да такой прыгожай лірыкі, – гаворыць студэнт гр. РФ-21 Васіль Калінін. Як па-рознаму гучалі такія вядомыя з дзяцінства вершы… Напэўна, таму, што кожны чытаў свайго Багдановіча і расказваў сваю гісторыю разумення слова.   Чытайце Максіма Багдановіча самі і разам з намі!

 

PS Вялікі дзякуй прафкаму студэнтаў за салодкі прыз для пераможцаў квэста!

Алена Кастрыца, дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры

Падрабязней

2011 У гонар Максіма Багдановіча. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates