ДА 100–ГОДДЗЯ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА ІВАНА НАВУМЕНКІ
13-14 лютага ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны праведзены Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя 100 годдзю народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Івана Навуменкі (1925–2006). Іван Навуменка – удзельнік партызанскага руху і франтавік, заслужаны дзеяч навукі, старшыня Вярхоўнага савета БССР (1985-1990), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалер пяці ордэнаў. У 1973–1982 гадах – дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1982 года – віцэ-прэзідэнт АН БССР. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны рэгулярна, пачынаючы з 2008 года, праводзіць Міжнародныя навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці Івана Навуменкі, паколькі будучы пісьменнік нарадзіўся на Гомельшчыне, у гарадскім пасёлку Васілевічы. Сёлетні форум сабраў звыш сарака вучоных. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся рэктар універсітэта С. А. Хахомаў, які ў сваім выступленні зазначыў, што сёлета адзначаецца не толькі 100-годдзе пісьменніка, але і 70-годдзе з часу першай публікацыі І. Я. Навуменкі.