Шынкарэнка Вольга Карпаўна

 

   Пасада: прафесар кафедры

    Адрес электронной почты:

 

 

 

 

 

Нарадзілася 27.07.1954 года ў в. Ракшын Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сям’і. Бацькі – Акуліна Ігнатаўна (1913 – 1999) і Карп Андрэевіч (1912 – 1988) – пры ўсіх непазбежных жыццёвых клопатах і матэрыяльных недахопах усяляк падтрымлівалі жаданне дзяцей вучыцца, набываць адукацыю. Таму ў хаце заўсёды панавала пашана да кнігі, настаўніцтва, ведаў наогул. 

У 1969 г. скончыла восем класаў Астроўчыцкай СШ. На працягу 1969 – 1972 гг. вучылася ў Бабруйскім медыцынскім вучылішчы (спец. “медыцынская сястра”). Пасля заканчэння вучобы з 01.08.1972 г. па 21.01.1974 г. працавала па спецыяльнасці на Быхаўшчыне ў Тошчыцкай бальніцы; з 31.01.1974 г. па 01. 09. 1975 г. – у Гомельскай 1-ай абласной бальніцы. 
З адзнакай скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (1975 – 1980) па спецыяльнасці «Беларуская і руская мова і літаратура», аспірантуру (1982 – 1986; завочная форма) і дактарантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1994 – 1997). З 1980 года і да гэтага часу працуе на кафедры беларускай літаратуры УА “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны”. У 1992 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Жанрава-стылявыя асаблівасці прозы Ул. Караткевіча» па спец. 10. 01. 02 – літаратура народаў СССР [савецкага перыяду] (Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы НАН Беларусі); у 2005 г. – доктарскую дысертацыю «Паэтыка гістарычнага жанру (на матэрыяле сучаснай беларускай літаратуры)» па спец. 10. 01. 01 – беларуская літаратура (Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі). 
Прафесар кафедры беларускай літаратуры УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны», дацэнт, доктар філалагічных навук, Шынкарэнка В. К. з’яўляецца вучоным шырокага профілю, аўтарам больш за 150 навуковых работ па актуальных праблемах гісторыі і тэорыі літаратуры, літаратурнай крытыкі і краязнаўства. У тым ліку манаграфій – “Пад ветразем Дабра і Прыгажосці” (1995), “На скрыжалях гісторыі” (1999), “З верай у чалавечнасць” (2001), “Нястомных пошукаў дарога” (2002). Як адданы сваёй справе чалавек, Вольга Карпаўна і сёння працягвае актыўна сцвярджаць сябе ў даследчыцкай і выкладчыцкай працы, у думках нязменна звяртаючыся да родных вытокаў, да бясконца прыцягальнай бацькоўскай зямлі і таго незабыўнага бярозавага шляху да школы, што некалі прывёў да краіны ведаў і назаўжды ўмацаваў у празе заўсёднага разумовага і духоўнага росту. 
Сфера навуковых інтарэсаў: праблемы тэорыі і гісторыі літаратуры (сучасны перыяд).

2011 Шынкарэнка Вольга Карпаўна. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates