Научная деятельность кафедры

Навуковая школа кафедры – “Рэгіянальны, нацыянальны і агульначалавечы ўзроўні ў літаратуры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце”. 

Асноўныя накірункі навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў межах навуковай школы наступныя: 

  • Духоўная спадчына Беларускага Палесся.
  • Жанр як знакавая сістэма эстэтычнай традыцыі ў нацыянальнай і еўрапейскай культурна-мастацкай практыцы.
  • Праблемы паэтыкі сучаснай беларускай гістарычнай прозы.
  • Пытанні тэорыі літаратуры.
  • Вывучэнне беларускай літаратуры ў сусветным кантэксце.
  • Методыка выкладання беларускай літаратуры.

Гомельская школа літаратуразнаўства заснавана вядомым беларускім вучоным, заслужаным дзеячам навукі Беларускай ССР, доктарам філалагічных навук, прафесарам Мікалаем Міхайлавічам Грынчыкам (1923-1999) на пачатку 70-х гг. ХХ ст. Сярод яго прац – манаграфіі “Максім Багдановіч і народная паэзія” (Мн., 1963), “Аркадзь Куляшоў: Крытыка-біяграфічны нарыс” (Мн., 1964), “Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі” (Мн., 1969), “Шляхі беларускага вершаскладання” (Мн., 1973) і інш. 
Станаўленне М. Грынчыка-даследчыка пачалося ў 50-60-я гады, калі ён паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, а затым паўтара дзесяцігоддзя працаваў у згаданай установе. 
Асабліва талент Міколы Грынчыка як вучонага і арганізатара навукі разгарнуўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, дзе ён з 1970 па 1980 год узначальваў кафедру беларускай літаратуры, стаў заслужаным дзеячам навукі нашай рэспублікі. Энцыклапедычна падрыхтаваны, шырока і разнастайна эрудыраваны, ён стварыў школу па даследаванні рэгіянальных асаблівасцей літаратуры і фальклора, падрыхтаваў вялікую колькасць высокакваліфікаваных дацэнтаў і прафесараў. Апошнія гады прафесар Грынчык Мікола Міхайлавіч працаваў загадчыкам кафедры літаратуры Беларускага універсітэта культуры, дзе таксама пакінуў значны след і добрую памяць. 
Вызначальных напрамкаў творчай спадчыны М. Грынчыка некалькі. Першы і асноўны – праблема мастацкага фалькларызму, узаемадзеяння мастацкай літаратуры, галоўным чынам паэзіі, з вуснай народнай творчасцю. Менавіта гэтым шматстайным аспектам узаемадзеяння і былі прысвечаны ягоныя дысертацыі (кандыдацкая і доктарская), якія сталіся асновай сур’ёзных, грунтоўных кніг, што не страцілі свайго тэарэтычнага і практычнага значэння да нашых дзён. 
У першай з іх – “М. Богданович и белорусский фольклор” (1958), якая затым стала асновай манаграфіі “Максім Багдановіч і народная паэзія” (1963), упершыню паказаў ролю фальклора ў станаўленні ідэйна-эстэтычных арыентацый Максіма Кніжніка, вызначыў фальклорныя вытокі многіх сюжэтаў і вобразаў ягонай паэзіі. У грунтоўнай манаграфіі “Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі” (дысертацыя “Фольклорные традиции в белорусской дооктябрьской поэзии” (1969) на высокім тэарэтычным узроўні з прыцягненнем велізарнага фактычнага матэрыялу паказаў выключную ролю фальклорна-песенных традыцый у зараджэнні і станаўленні новай беларускай літаратуры. У шэрагу манаграфій і артыкулаў вызначыў фальклорныя элементы ў творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, П. Глебкі. 
У час працы загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта стварыў студэнцкую навуковую лабараторыю па фальклору, дзе збіраліся значныя фальклорныя матэрыялы, запісаныя студэнтамі і выкладчыкамі пад кіраўніцтвам прафесара М. Грынчыка ў час студэнцкіх практык і фальклорных экспедыцый. Лепшыя матэрыялы перадаваліся ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук або друкаваліся ў зборніку “Беларуская літаратура”, галоўным рэдактарам якога з’яўляўся. Рэгулярна пад яго кіраўніцтвам праводзіліся канферэнцыі па праблемах рэгіянальнага пачатку ў фальклоры, мове і літаратуры. Даследаваў спецыфіку фальклору Гомельшчыны (асаблівасці балады і ваенных песняў, а таксама народнай прозы), спрабаваў правесці паралелі паміж народнай паэзіяй беларусаў і іншых славянаў, а таксама неславянскіх народаў (у прыватнасці фіна-угорскіх). Імкнуўся адрадзіць некаторыя звычаі і абрады ў новых умовах. Знаходзіўся ля вытокаў фалькларыстычнай школы ў ГДУ імя Ф.Скарыны. 
З 1973 па 1983 год быў галоўным рэдактарам міжвузаўскага зборніка “Беларуская літаратура”. Акрамя даследаванняў народнасці літаратуры, вялікую ўвагу надаваў вельмі складанай тэарэтычнай праблеме – вершаскладанню, якая ў той час была амаль не распрацавана. Ягоная грунтоўная манаграфія “Шляхі беларускага вершаскладання” актуальная і для нашага часу. 
Мікола Грынчык шмат артыкулаў прысвяціў бягучаму літаратурнаму працэсу, напісаў грунтоўныя манаграфіі па творчасці Аркадзя Куляшова, Пятра Глебкі, Максіма Багдановіча. Ён з’яўляўся сааўтарам акадэмічнай “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” і падручнікаў для вну. Стварыў і клапатліва падтрымліваў літаратурнае аб’яднанне “Крыніца” пры Гомельскім універсітэце, блаславіўшы многіх паэтаў у літаратуру. 
З гэтага часу на кафедры пачалі праводзіцца канцэптуальныя комплексныя даследаванні рэгіянальнага і агульнанацыянальнага фактараў у літаратуры і фальклоры. Дарэчы, М. М. Грынчык быў першым сярод выкладчыкаў ГДУ, хто абараніў доктарскую дысертацыю. 

 



Значная роля ў станаўленні гомельскай школы літаратуразнаўства належыць Ахрыменку Паўлу Паўлавічу, доктару філалагічных навук, які працаваў у Гомельскім педінстытуце (з 1969 года – універсітэце) з 1950 па 1972 год. Ахрыменка П.П. быў старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам і загадчыкам кафедры літаратуры (на той час была агульная кафедра беларускай і рускай літаратур). Ахрыменка Павел Паўлавіч – адзін з самых вядомых фалькларыстаў, даследчык беларуска-ўкраінскіх фальклорных і літаратурных сувязей, аўтар работ “Шаўчэнка і беларуская літаратура” (Мн., 1952), “Украінско-білоруські літературно-фольклорні зв'язки” (К.,1959), “Фальклорна-літаратурныя сувязі ўкраінскага і беларускага народаў” (Мн., 1959), “Беларуская літаратура і фальклор” (Мн., 1962), “Беларускія песні і казкі” (Мн., 1965), “Беларуская вуснапаэтычная творчасць” (Мн., 1966) / Сааўтары В.Бандарчык, М.Ларчанка, А.Макарэвіч, Я.Усікаў, “Старажытная беларуская літаратура: Вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ” (Мн., 1968) / Сааўт. М.Ларчанка, “Летапіс братэрства: Аб беларуска-ўкраінскіх фальклорных, літаратурных і тэатральных сувязях” (Мн., 1973) і інш. 

З 1983 года школай кіруе Іван Фёдаравіч Штэйнер, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, загадчык кафедры беларускай літаратуры Установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”. Нарадзіўся 10 верасня 1953 года ў вёсцы Беражное Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў 1975 годзе. Працаваў дырэктарам школы, метадыстам абласнога Інстытута удасканальвання настаўнікаў. З 1978 года ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны. За гэты час скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі і тэорыі беларускай балады. З 1983 года – загадчык кафедры беларускай літаратуры.У 1994 годзе ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН І.Ф. Штэйнер абараніў доктарскую дысертацыю па беларуска-славянскіх паэтычных сувязях. 
У 1999 годзе быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ў 2003 годзе І.Ф.Штэйнер атрымаў прэмію за асабісты ўнёсак у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі. У гэтым жа годзе атрымаў ганаровае званне Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. 
У 90-х гадах кандыдацкія дысертацыі абаранілі В.К. Шынкарэнка, В.І. Яцухна, Дз.Л. Мамачкін, А.М. Мельнікава, С.І. Ханеня, Н.П. Капшай, С.Б. Цыбакова, Т.В. Аўдоніна, у 2000-х гадах кандыдатамі навук сталі Т.А. Фіцнер, Ю.Я. Сальнікава, П.І. Кошман, А.В. Брадзіхіна, Т. Целяховіч. 

Штэйнер Іван Фёдаравіч – вядомы гісторык літаратуры і крытык, фалькларыст. Вучоны мае звыш 100 навуковых прац, з якіх 20 манаграфій, 7 фальклорна-этнаграфічных зборнікаў, 4 метадычныя дапаможнікі, 1 вучэбны дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, анталогія. Яго пяру належаць такiя манаграфii, як “Беларуская балада” (1989), “Варожаць балады вякоў” (1993), “Шматмоўная лiтаратура Беларусi ХIХ стагоддзя” (2002), “Deja vu, або Успамiн пра будучыню” (2003), “Сусвет, убачаны здалёк” (2003), вучэбныя дапаможнiкі “Балада: генезiс, эвалюцыя, перспектывы жанру” (2003), “Польскамоўная літаратура Беларусі ХIХ ст.” (2004), “Deja vu bis” (2006), “Споведзь перад Богам і людзьмі: Беларуская паэзія на стыку тысячагоддзяў” (2007), “Речица. Литературно-духовное наследие региона. В 2 т. Т. 1”: “Речицкая лирическая” (2007), “А прекрасней Речицы места не найти…” (2007), “Гомельщина олимпийская” (2007), “Super flumina Babylonis: Біблейскія міфалагемы ў паэзіі Рыгора Барадуліна” (2008), “Свае руны мне не вышыць…”: Спадчына Анатоля Сыса (2008), “Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…”: Паэзія У.Караткевіча і класічныя традыцыі (2008), “Кому без человека нужно слово: перспективы литературы в III тысячелетии” (2008), “De profundis clamavi: Смех і роспач у нацыянальнай мастацкай традыцыі (2008), “Ex promtо – ex propositо” (2008), “Дняпроўскія матывы” (2009). 

Тэматыка навуковых інтарэсаў І.Ф.Штэйнера даволі разнастайная: гісторыя развіцця беларускай літаратуры, тэорыя літаратуры, праблемы сучаснага літаратурнага працэсу, кампаратывістыка. І.Ф.Штэйнер – аўтар шматлікіх навуковых матэрыялаў у энцыклапедыях, навуковых даведніках. Звыш пятнаццаці гадоў з’яўляўся галоўным рэдактарам міжвузаўскага зборніка “Беларуская літаратура”. 
Iван Фёдаравiч – пастаянны ўдзельнiк мiжнародных навуковых канферэнцый i сiмпозiумаў. У 2003 годзе ён прымаў удзел у рабоце Мiжнароднага з'езду славiстаў у Любляне, Македоніі (2008), канферэнцыях у Варшаве, Познані, Беластоку. 
Для навуковых работ I.Штэйнера характэрна грунтоўнасць аналіза, кампетэнтнасць, своеасаблівая эўрыстычнасць. Штэйнерам I.Ф. даследаваны балады ўсiх славянскiх народаў (за выключэннем палабаў, якія страцілі сваю мову), а таксама англiйскiя, шатландскiя, скандынаўскiя, нямецкiя i г.д. Работы даследчыка ўтрымлiваюць канцэптуальныя высновы, iстотныя пры вывучэннi не толькi гiсторыi беларускай лiтаратуры, але i спецыфiкi развiцця славянскiх лiтаратур увогуле. Разважаючы пра сучасны лiтаратурны працэс, пра творчасць нашых вядомых пiсьменнiкаў А. Адамовіча, В. Быкава, В. Казько, І. Шамякіна, А. Разанава, В. Шніпа, А. Наварыча, Ю. Станкевіча і інш., I.Ф. Штэйнер закранае праблемы, актуальныя як для развiцця нацыянальнага мастацкага слова, культуры, так i грамадства ў цэлым: беларускi мульткультуралiзм, трагедыйнае светаадчуванне нашай лiтаратуры, новая шкала эстэтычных каштоўнасцей, што пачала складвацца ў сучаснай лiтаратуры, урэшце, праславуты гендэр i г.д. (“Deja vu, або Успамiн пра будучыню” (2003)). 

Акрамя таго, беларуская лiтаратура асэнсоўваецца І.Ф. Штэйнерам праз прызму славянскiх i агульнаеўрапейскiх традыцый, што надзвычай актуальна сёння. У разважаннях І. Штэйнера пра творчасць Я. Купалы, В. Быкава, Ю. Станкевiча, В. Казько, В. Шнiпа, А. Наварыча прысутнiчаюць Ф. Кафка, Б. Брэхт, С. Пшыбышэўскi, С. Кiнг, Б. Лесьмян, Т. Траянаў, М. Крлежы, В. Вiйон, В. Незвал, У. Йетс, Я. Колар, К. Эрбен, Я. Скала, Н. Хрэлкава, Я. Каспровiч, С. Выспянскi, Б. Пастарнак, С. Кольрыдж, Д.Г. Лоўрэнс, Э.Т. Гофман, У. Голдзiнг i г.д. i г.д. 
І.Ф. Штэйнерам асэнсоўваюцца такiя базавыя паняццi, як менталiтэт народа, спецыфiка нацыянальнага Космасу, асаблiвасцi светабачання i светаразумення. Такiм чынам, даследаванні вучонага каштоўныя i ў плане вызначэння адметнасцi нацыянальнай ментальнасцi. 
І.Ф. Штэйнеру належыць комплекснае, сiстэматызаванае даследаванне аднаго з самых “таямнiчых i незвычайных” жанраў сусветнай лiтаратуры – балады (манаграфіі “Беларуская балада” (1989), “Варожаць балады вякоў” (1993), вучэбны дапаможнiк “Балада: генезiс, эвалюцыя, перспектывы жанру” (2003). І.Ф. Штэйнер разглядае сутнасць i спецыфiку баладнага жанра, яго генезіс, структурныя i формаўтваральныя якасцi. Свае даследаванні аўтар праводзiць на шырокiм факталагiчным матэрыяле. Штэйнер I.Ф. уводзiць у лiтаратурны i навуковы кантэкст iмёны, часам малавядомыя не толькi чытацкай аудыторыi, але i спецыялiстам. 
І.Ф.Штэйнер выступае і як папулярызатар балады. У 2004 годзе пабачыла свет анталогія ўсходнеславянскай балады “Русалка-спакусніца”, куды ўвайшлі балады беларускіх, рускіх і ўкраінскіх паэтаў. 
Вынікам даследаванняў І.Ф. Штэйнера польскамоўнай літаратуры Беларусі стаў аднайменны дапаможнік – “Польскамоўная літаратура Беларусі ХIХ ст” (Гомель, 2004). 

Важнае кола навуковай дзейнасці прафесара І.Ф. Штэйнера – падрыхтоўка навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам абаранілася шмат аспірантаў, сярод іх: С.І. Ханеня (тэма дысертацыі "Праблема мастацкай умоўнасці у сучаснай беларускай прозе"); С.Б. Цыбакова – "Классическая притча и ее эволюция в современной традиции", Т.А. Фіцнер – "Гендэрныя праблемы ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя", П.І. Кошман "Мастацкі вобраз Палесся ў нацыянальнай літаратурнай традыцыі ХІХ-ХХ стагоддзяў", А.В. Ваньковіч “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў творчасці У.Верамейчыка і паэтаў Гомельшчыны”, Ю.Я. Сальнікава “Увасабленне эстэтычнага ідэалу і трагічных калізій у сучаснай беларускай прозе”, А.В. Брадзіхіна “Сучасная беларуская інтымная лірыка: генезіс, тэндэнцыі развіцця, кантэкст”, Т. Целяховіч “Особенности функционирования библейских мифологем в творчестве Н. Гоголя и Я. Барщевского”. 

На кафедры беларускай літаратуры праводзіцца вялікая работа па зборы фактычнага матэрыялу, звязанага з жыццём і дзейнасцю нашых славутых землякоў, па захаванні унікальнай фальклорнай спадчыны Гомельскага рэгіёна. Пры кафедры беларускай літаратуры створана спецыяльная краязнаўчая лабараторыя. У 2001 годзе навуковая лабараторыя за актыўную дзейнасць па адраджэнні, захаванні і папулярызацыі культурна-этнаграфічнай спадчыны Гомельшчыны была ўзнагароджана грантам Савета спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў. 
На аснове навуковых росшукаў супрацоўнікаў кафедры праводзяцца спецсемінары і спецкурсы “Гомельшчына літаратурная”. Зроблена карта “Гомельшчына літаратурная”, падрыхтаваны буклеты, прысвечаныя гомельскім літаратарам. Цікавым дапаможнікам для настаўнікаў і школьнікаў вобласці стаў дапаможнік В.І. Смыкоўскай і В.С. Генаш “Літаратурная Гомельшчына” (Гомель, 1991), дзе сабраны звесткі аб васьмідзесяці пісьменніках, што нарадзіліся на Гомельшчыне. У 1976 годзе пабачыла свет манаграфія В.І. Смыкоўскай “Творчая канцэпцыя пісьменніка: Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў «Палескай хроніцы» І. Мележа” (Мн., 1976). 

У 1999 годзе пабачыў свет зборнiк лiрыкi выпускнiкоў Гомельскага дзяржунiверсiтэта “Крынiцы”, укладальнікам, аўтарам прадмовы і ўступных артыкулаў да якога з’яўляецца І.Ф.Штэйнер. Тут пададзены вершы як ўжо прызнаных i вядомых беларускiх паэтаў, так i пачаткоўцаў: К. Кірэенкі, П. Пранузы, Т. Мельчанкі, М. Башлакова, А. Сыса, А. Зэкава, І. Багдановіч, Э. Акуліна, В. Куртаніч, Л. Раманавай, В. Яраца, А. Мельнікава, Н. Дзенісюк, С. Сыса, С. Крупенькі, А. Дуброўскага, А. Маісеенкі. Анталогія адметная ўжо самім фактам свайго з’яўлення. Гэта першая спроба выдання падобнага плана, дзе пад адной вокладкай сабраны творы студэнтаў і выпускнікоў ГДУ, пачынаючы яшчэ з дваццатых гадоў і да нашых дзён. “Крыніцы” сталі і першым даследаваннем “феномену гомельскай школы ў беларускай паэзіі” (тэрмін І.Ф. Штэйнера). Вучоны падае гісторыю літаб’яднання “Крыніцы”, што працуе пры універсітэце. Прадмова “Крыніцы светлага юнацтва” – крытычны агляд здабыткаў пісьменнікаў Гомельшчыны. У прадмове пададзены цікавыя, часам невядомыя звесткі пра творчасць нашых паэтаў. 

У тым жа годзе быў выдадзены зборнiк крытычных артыкулаў “Душа прычалiцца крылом да неба…” (пад рэдакцыяй І.Ф. Штэйнера) па творчасцi колiшнiх студэнтаў ГДУ. Сапраўды, “падобнага прэцэдэнту ў гісторыі літаратуразнаўства і краязаўства яшчэ не было” (І. Штэйнер). Выданне адметнае не толькі тым, што пад адной вокладкай сабраныя крытычныя артыкулы па творчасці такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як І. Шамякін, В. Ярац, М. Сурначоў, Л. Гаўрылаў, К. Кірэенка, П. Прануза, А. Сыс, Э. Акулін, А. Зэкаў, В. Куртаніч, М. Башлакоў, А. Казлоў, М. Даніленка, А. Мельнікаў і інш., якім выпаў лёс у розныя часы вучыцца ў адных сценах. Адметнасць зборніка ў тым, што аўтары яго – самі студэнты ці аспіранты Гомельскага універсітэта. Такім чынам ажыццяўляецца пераемнасць пакаленняў, выхоўваецца павага да папярэднікаў, разуменне: “Напісанае – застаецца”. 
Напярэдадні 75-гадавога юбілею Гомельскага дзяржаўнага універсітэта пад рэдакцыяй І.Ф. Штэйнера і І.А. Бароўскай падрыхтаваны зборнік “Універсітэт літаратурны”, дзе пададзены творчыя партрэты колішніх і сённяшніх студэнтаў ГДУ, якія праявілі сябе ў мастацкай творчасці. 

У 2004 годзе супрацоўнікамі кафедры вялася плённая работа па зборы і асэнсаванню матэрыялаў, звязаных з традыцыйнай культурай, літаратурнымі здабыткамі Мазыра. Упершыню асэнсавана дынаміка асноўных жанраў і відаў традыцыйнай гарадской духоўнай культуры ў яе гістарычным развіцці і перспектыўнасці ва ўмовах глабалізацыі сучаснага свету. Пад кіраўніцтвам І.Ф. Штэйнера падрыхтаваны зборнік эсэ і навуковых артыкулаў, прысвечаных увасабленню Мазыра і Прыпяці ў мастацкай літаратуры, песнях і дакументальнай прозе (“Мазыр літаратурны”), а таксама фальклорна-этнаграфічны зборнік “Адвечнай мудрасці скарбонка”, у якім сабраны ўзоры традыцыйнай народнай творчасці і міфалагічныя ўяўленні жыхароў “сталіцы Палескага краю”. Таму невыпадкова, што менавіта загадчык кафедры І.Ф. Штэйнер стаў галоўным каардынатарам міжвузаўскай фундаментальнай тэмы “Палессе –2005”. У 2008 годзе пабачыла свет чарговае выданне – “Рэчыца лірычная”, дзе разглядалася творчасць пісьменнікаў Рэчыцкага раёна. 14 снежня 2009 у Гомельскім дзяржаўным універсітэце адбылася прэзентацыя манаграфіі І. Ф. Штэйнера “Дняпроўскія матывы”, прысвечанай асэнсаванню творчасці пісьменнікаў, ураджэнцаў Гомельшчыны. Гэта першая з шасці запланаваных кніг, што сведчыць пра грунтоўнасць ахопу матэрыялу, унікальнасць падобнага выдання. У кожнай кнізе мяркуецца асэнсаваць творчасць пісьменнікаў пэўнага рэгіёна Гомельшчыны і самога горада. Так, у “Дняпроўскіх матывах” разглядаецца творчасць пісьменнікаў Гомельскага Падняпроўя, як беларускамоўных, так і рускамоўных, якія ў розныя часы праявілі сябе ў творчасці. Усяго пададзена 77 творчых партрэтаў пісьменнікаў. І гэта толькі шасці раёнаў Гомельшчыны! 

Добра вядомае ў навуковых колах рэспублікі імя Шынкарэнкі Вольгі Карпаўны. Яна – аўтар манаграфій “Пад ветразем дабра і прыгажосці: Жанрава-стылявыя асаблівасці прозы У. Караткевіча” (1995), “На скрыжалях гісторыі” (1999), “З верай у чалавечнасць” (2001), “Нястомных пошукаў дарога” (2002). 
У манаграфіі “Нястомных пошукаў дарога: Праблемы сучаснай беларускай гістарычнай прозы” ўпершыню ў беларускім літаратуразнаўстве разглядаюцца праблемы паэтыкі гістарычнага жанру на матэрыяле сучаснай прозы. Гістарычная плынь у сучаснай беларускай прозе ці не самая прадстаўнічая. Аднак, нягледзячы на гэта, да апошняга часу не існавала цэласнага, сістэмнага даследавання названага феномену. Работа гомельскай даследчыцы ў значнай ступені ліквідуе гэты прабел. В.К. Шынкарэнка звяртаецца ў сваёй манаграфіі да твораў У. Караткевіча, У. Арлова, Л. Дайнекі, В. Іпатавай, К. Тарасава, В. Чаропкі, В. Коўтун, І. Шамякіна. Работа В.К. Шынкарэнкі– гэта арыгінальнае спалучэнне дакладна выверанага навуковага аналізу з асабова-эмацыянальным прачытаннем твораў нашых вядучых празаікаў. Таксама Вольга Карпаўна Шынкарэнка з’яўляецца аўтарам шматлікіх змястоўных артыкулаў у беларускай перыёдыцы, прысвечаных праблемам развіцця сучаснага беларускага прыгожага пісьменства. 

Супрацоўнікі кафедры беларускай літаратуры прымаюць удзел у падрыхтоўцы і распрацоўцы вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь рознага ўзроўню. Так, дацэнт Смыкоўская В.І. з’яўлялася адным з аўтараў школьнага падручніка “Беларуская літаратура. 11 клас” (пад рэд. В.Ляшук. – Мн.: Народная асвета, 2003), які ў 2003 годзе заняў І месца на рэспубліканскім конкурсе падручнікаў, і вучэбнага дапаможніка для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей “Методыка выкладання беларускай літаратуры” (М., 2002), выдадзенага з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Валянціна Іванаўна – аўтар манаграфій “Творчая канцэпцыя пісьменніка. Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў “Палескай хроніцы” І.Мележа” (Мн., 1976), “Развіццё мовы вучняў на ўроках літаратуры” (Мн., 1988), даведніка “Літаратурная Гомельшчына” (Гомель, 1992, у сааўтарстве), работ метадычнага характару “Вучыць і выхоўваць словам. Метадычныя рэкамендацыі да падручніка “Родная літаратура. 5 клас” (Гомель, 1996), “Беларуская літаратура ў 4 класе” (Мн., 2003), “Беларуская літаратура. 6 клас. Рознаўзроўневыя заданні”, таксама адобраным Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Смыкоўская В.І. – аўтар раздзелаў падручнікаў “Методыка выкладання беларускай літаратуры. Падручнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў педінстытутаў” (Мн., 1986). 

Дацэнт кафедры Ярац Віктар Уладзіміравіч – не толькі вядомы беларускі паэт, публіцыст, сталы аўтар газет “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, але і цікавы даследчык сучаснай беларускай паэзіі. Яго навуковыя артыкулы ўтрымліваюць змястоўныя высновы адносна спецыфікі развіцця беларускага паэтычнага слова. 

Надзвычай плённа працуе ў напрамку вывучэння жанравай спецыфікі беларускай драматургіі, тэорыі літаратуры ўвогуле дацэнт кафедры Яцухна Віктар Іванавіч. Ён з’яўляецца аўтарам манаграфіі “Беларуская малафарматная драматургія ХVI – першай паловы ХХ стст” (Гомель, 2004), вучэбна-метадычных дапаможнікаў “Асноўныя літаратуразнаўчыя метады і школы” ( 2001), “Тэорыя літаратуры” (2002). 

Вывучэнне сучаснай беларускай паэзіі, дакладней, яе інтымнай плыні, з’яўляецца прадметам навуковых пошукаў Брадзіхінай Алы Васільеўны. Маладой даследчыцай абаронена кандыдацкая дысертацыя “Сучасная беларуская інтымная лірыка: генезіс, тэндэнцыі развіцця, кантэкст”. У 2009 годзе выдадзена манаграфія “Сучасная беларуская інтымная лірыка: тэндэнцыі і перспектывы развіцця”, курс лекцый “Зместава-фармальныя пошукі сучаснай беларускай лірыкі” (2006). 

Адным з накірункаў работы навуковай школы з’яўляецца распрацоўка праблем мастацкай умоўнасці. Найбольш плённа гэтай праблемай займаецца Ханеня Сяргей Іванавіч. У 2000 годзе ім абаронена кандыдацкая дысертацыя “Праблема мастацкай умоўнасці у сучаснай беларускай прозе". У 2001 годзе выдадзена манаграфія “Амплiтуда мастацкасцi: Умоўнасць у беларускай прозе канца ХХ стагоддзя”. С. Ханеня разглядае праблему мастацкай умоўнасці комплексна: i тэарэтычна, i ў кантэксце папярэдняга лiтаратурнага вопыту, асэнсоўвае эвалюцыю i эманацыю мастацкай умоўнасцi, аналiзуе тыя тэндэнцыi, што абумовiлi зварот пiсьменнiкаў да дадзенага прынцыпу ў 80-90-х гг мiнулага стагоддзя. У якасцi вызначальнай аўтар манаграфii вылучае iмкненне да спасцiжэння “анталагiчных аспектаў быцця чалавека i мастацтва”. У рабоце С. Ханенi пададзены ўсебаковы аналiз прыёмаў другаснай мастацкай умоўнасцi, паказаны iх формаўтваральны патэнцыял, роля ў пашырэннi вобразна-выяўленчага дыяпазону лiтаратуры, яе абнаўленнi. 
У цэнтры ўвагі С.Ханені – творы В. Казько, В. Быкава, А. Адамовіча, У. Някляева, А. Мінкіна, Я. Сіпакова, А. Наварыча, Б. Пятровіча, Л. Рублеўскай, П. Васючэнкі, А. Федарэнкі, А. Казлова, У. Рубанва, А. Казлова. 

Цікавы, перспектыўны накірунак работы кафедры – гендэрныя даследаванні. Так, у 2003 годзе супрацоўнікам кафедры Фіцнер Таццянай Адамаўнай была абаронена кандыдацкая дысертацыя “Гендэрныя праблемы ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”. Гендэрныя даследаванні - пэўны знак сённяшняй культурнай сiтуацыi, “эпохi змены парадыгм” (Л.Турбіна), калi жанчына прамаўляе сваё права на творчасць. Вiдавочна, што такiя работы пашыраюць рамкi традыцыйнага лiтаратуразнаўства, змяняюць сам модус мыслення, падаюць адрозную ад традыцыйнай мужчынскай культурную практыку. Фіцнер Т.А “прачытвае” творы айчыннай літаратуры праз прызму “жаночай суб'ектыўнасці”, даследуе ўзаемасувязь такіх паняццяў, як “тапалогія” і “гендэрнасць”, стэрэатыпы жаноцкасці і працэс гендэрнай самаідэнтэфікацыі. 

Т.А.Фіцнер пастаралася сабраць, абагуліць творчасць жанчын-пісьменніц да ХХ ст. І панарама гэтай “жаночай творчасці” выглядае даволі ўнушальна: ад аўтаркі “Жыція Еўфрасінні Полацкай” да Уршулі Радзівіл, Саламеі Пільштыновай, Габрыелі Пузыны са Свіры, Адэлі з Устроні, Марыі Багушэвіч, З. Тшашчкоўскай, М. Канапніцкай, Э. Ажэшкі. 

Творчасць Кузьмы Чорнага, пытанні кампаратывістыкі – у цэнтры ўвагі Мельнікавай Анжэлы Мікалаеўны. Яна – аўтар курса лекцый “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў еўрапейскім кантэксце” (2007), манаграфіі “Паэтыка твораў Кузьмы Чорнага” (2008). 
 

Выкладчыкі кафедры беларускай літаратуры – аўтары самых разнастайных даведнікаў, энцыклапедый, слоўнікаў. Так, І. Штэйнер, В. Смыкоўская, В. Шынкарэнка, В. Ярац з’яўляюцца аўтарамі звыш 100 артыкулаў для энцыклапедычнага даведніка “Янка Купала”, “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва” ў 5-ці тамах, энцыклапедыі “Максім Багдановіч”, біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” ў 6-ці тамах, энцыклапедыі “Беларускі фальклор”. В.К. Шынкарэнка – адзін з аўтараў самага аўтарытэтнага на сённяшні дзень выдання па гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст., падрыхтаванага ў Інстытуце літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі – “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (раздзелы “Леанід Дайнека”, “Раіса Баравікова” / У кн.: Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т. 4. Кн. 2. 1998-2000 /Нав.рэд. У.В.Гніламёдаў, С.С.Лаўшук. – Мінск, 2003). 

Вынікі даследаванняў вучоных гомельскай школы дакладзены на рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. 

Супрацоўнікі кафедры з’яўляюцца членамі рэдакцыйных калегій навуковых часопісаў. Так, І.Ф. Штэйнер – вядучы рэдактар часопіса “Известия Гомельского государственного университета им. Ф. Скорины” (серыя “Беларуская літаратура”), навуковы кансультант навукова-метадычнага часопіса “Роднае слова”, метадычнага часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе”; член рэдкалегіі газеты “Літаратура і мастацтва”. 

Навукова-даследчая работа студэнтаў таксама не застаецца па-за ўвагай выкладчыкаў кафедры. Пад іх кіраўніцтвам маладыя даследчыкі рыхтуюць навуковыя даклады і штогод прымаюць актыўны ўдзел у факультэцкай і універсітэцкай навуковых канферэнцыях “Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства”, у навуковых канферэнцыях, што праводзяцца іншымі вну рэспублікі. Студэнцкія выступленні, прысвечаныя разгляду актуальных пытанняў гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, публікуюцца ў зборніках матэрыялаў канферэнцый “Творчасць маладых” і г.д. 

Навуковыя праекты навучэнцаў, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры беларускай літаратуры, атрымліваюць рэкамендацыі да ўкаранення і прымаюць удзел у Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых работ. Прыводзім звесткі аб студэнтах-пераможцах і лаўрэатах конкурсаў навуковых работ: 

2002 год 
1 катэгорыя: 
Мігай Г. Філасофскае асэнсаванне чалавека і прыроды ў раманах В. Казько (навуковы кіраўнік - д.ф.н. Шынкарэнка В.К.). 

2004 год 
1 катэгорыя і званне лаўрэата: 
Страха М. «Нацыянальныя мастацкія адметнасці ў навелістычнай культуратворчасці беларускіх пісьменнікаў у ХІХ-ХХ стст.» (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Ханеня С.І.). 

2005 год 
1 катэгорыя: 
Страха М. «Навела: жанравыя традыцыі, сучаснасць, перспектывы» (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Ханеня С.І.). 

лаўрэат прэміі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі і студэнтаў: 
Страха М. «Нацыянальныя мастацкія адметнасці ў навелістычнай культуратворчасці беларускіх пісьменнікаў ХІХ-ХХ стагоддзя». 

2006 год 
1 катэгорыя: 
Кушнарова К. «Жанчына і свет ў творчасці Л.Рублеўскай» (навуковы кіраўнік – д.ф.н. Шынкарэнка В.К.); 
2 катэгорыя: 
Салохіна Г. «Міфалагічныя матывы ў сучасным беларускім рамане» (навуковы кіраўнік – д.ф.н. Шынкарэнка В.К.); 
Чумакова Г. «Спецыфіка мастацкага мыслення А.Сыса» (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Мельнікава А.М.). 

2007 год 
1 катэгорыя і званне лаўрэата: 
Андрэева А. «Мадыфікацыі катэгорыі адзіноты ў сучаснай беларускай прозе» (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.); 
1 катэгорыя: 
Чарпухіна Я. Апакаліптычныя матывы ў невядомых творах М.Гусоўскага (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Ханеня С.І.); 
3 катэгорыя: 
Сувалава Н. Апазіцыя “жыццё-смерць” у філасофскай лірыцы мяжы тысячагоддзяў (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.); 
Дзяйкун М. Санет I яго мадыфiкацыi у сучаснай беларускай лiтаратуры (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.). 

2008 год 
1 катэгорыя і званне лаўрэата: 
Шкрэблік М. Футуралагічная плынь у сучаснай беларускай фантастычнай літаратуры (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.); 
1 катэгорыя: 
Невяроўская Н. Мастацкі універсалізм твораў Максіма Гарэцкага (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Мельнікава А.М.); 
Фамянкова А. Праблема літаратурнага героя ў сучаснай беларускай эксперыментальнай драматургіі (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.); 
Чарнабаева А. Паэтыка сучаснага беларускага дэтэктыва (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.). 
лаўрэат прэміі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі і студэнтаў: 
Андрэева А. «Мадыфікацыі катэгорыі адзіноты ў сучаснай беларускай прозе». 

2009 год 
1 катэгорыя: 
Логвіна Г. Фантасмагорыя і адметнасці яе выяўлення ў сучаснай беларускай прозе (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.); 
Бяляева В. Мастацкая спецыфіка сучаснай беларускай фрагментарнай прозы (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.); 
Удодава Н. Мадыфікацыі камічнага ў сучаснай беларускай прозе (навуковы кіраўнік – к.ф.н. Брадзіхіна А.В.); 
Бандарчук Т. Малыя празаічныя формы ў сучаснай беларускай літаратуры (навуковы кіраўнік – д.ф.н. Шынкарэнка В.К.). 
лаўрэат прэміі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі і студэнтаў: 
Аммон М. «Футуралагічная плынь у сучаснай беларускай фантастычнай літаратуры». 

2010 год 
1 катэгорыя і званне лаўрэата: 
Бажок І. Беларуская інтэлектуальная паэзія канца 20 – пачатку 21 стагоддзя: спецыфіка і тэндэнцыі развіцця (навуковы кіраўнік - к.ф.н. Мельнікава А.М.). 
1 катэгорыя: 
Шышова Т. Жанравыя навацыі ў сучаснай беларускай паэзіі (навуковы кіраўнік - к.ф.н. Мельнікава А.М.). 


Кафедра беларускай літаратуры пастаянна і мэтаскіравана ажыццяўляе падрыхтоўку выкладчыцкіх кадраў па спецыяльнасці 10.01.01 – беларуская літаратура праз аспірантуру ГДУ імя Ф.Скарыны. Згодна пададзеных заявак штогод у аспірантуру паступаюць найбольш падрыхтаваныя і перспектыўныя выпускнікі філалагічнага факультэта нашай навучальнай установы і іншых вну рэгіёна (Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя І.П.Шамякіна). Акрамя таго, д.ф.н. прафесар І.Ф.Штэйнер з’яўляецца навуковым кіраўніком дысертацыйных даследаванняў некалькіх аспірантаў спецыяльнасці 10.01.02 – руская літаратура, магістрантаў і саіскальнікаў з ліку выпускнікоў ГДУ. 

Асноўныя публікацыі навукова-даследчага характару, падрыхтаваныя выкладчыкамі кафедры беларускай літаратуры за 2004 – 2010 гг. 


Манаграфіі, калектыўныя манаграфіі, зборнікі, анталогіі: 


1) Штэйнер І.Ф. Русалка-спакусніца. Анталогія усходнеславянскай балады. – Гомель: УА «ГДУ імя Ф.Скарыны, 2004. – 250 с. 

2) Яцухна В.І. Беларуская малафарматная драматургія XVI – першай паловы ХХ стст. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. – 183 с. 

3) Фіцнер Т.А. Гендэрны аспект у беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Курс лекцый па спецкурсе. – Гомель: УА «ГДУ імя Ф.Скарыны», 2005. – 183 с. 

4) Брадзіхіна А.В. Зместава-фармальныя пошукі сучаснай беларускай лірыкі. Курс лекцый па спецкурсе. – Гомель: УА «ГДУ імя Ф.Скарыны», 2006. – 140 с. 

5) Універсітэт літаратурны / Укладальнікі І.Ф. Штэйнер, І.А.Бароўская. – Гомель: УА “ГДУ імя .Скарыны”, 2005. – 345 c. 

6) Спрадвечнае: фальклорны зборнік ліквідаваных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС населеных пунктаў / Штэйнер І.Ф., Новак В.С. – Гомель: УА “ГДУ імя .Скарыны”, 2005.—220 с. 

7) Мазыр-850 год: У 3 т. Т. 2. Мазыр літаратурны /І.Ф.Штэйнер, І.А.Бароўская і інш. Пад агул.рэд. І.Ф.Штэйнера. – Гомель: КВПУП “Сож”, 2005. – 216 с. 

8) Мазыр – 850 год. У 3 т. Том 3. Спрадвечнай мудрасці скарбонка: Сучасны стан традыцыйнай культуры г.Мазыра / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца, уступныя артыкулы, рэдагаванне В.С. Новак, Л.В. Мельнікавай, С.А. Вяргеенка, А.А. Кастрыцы, А.В. Кучаравай і інш. Пад агул. рэд. І.Ф.Штэйнера. – Гомель: КВПУП “Сож”, 2005. – 296 с. 

9) Штэйнер І.Ф. Deja vu bis: Зборнік эсэ. – ООО “ГП-ГРАНТ”,2006.–181 с. 

10) Мельнікава А.М. Беларуская літаратура 20 стагоддзя ў еўрапейскім кантэксце: Курс лекцый па спецкурсе. – Гомель: УА «ГДУ імя Ф.Скарыны», 2007. – 124 с. 

11) Речица. Литературно-духовное наследие региона. В 2 т. Т. 1. Речицкая лирическая / И.Ф.Штейнер, С.И.Ханеня. – Гомель: КВПУП Сож, 2007.– 216 с. 

12) Речица. Литературно-духовное наследие региона. В 2 т. Т. 2. А прекрасней Речицы места не найти…/ И.Ф.Штейнер, И.А.Боровская, Н.Ф.Макарцов. – Гомель: КВПУП Сож, 2007. – 200 с. 

13) Штэйнер І.Ф. Споведзь перад Богам і людзьмі: беларуская паэзія на стыку тысячагоддзяў. – Гомель: КВПУП “Сож”, 2007. – 174 с. 

14) Штэйнер І.Ф. Super flumina Babylonis: біблейскія міфалагемы ў паэзіі Рыгора Барадуліна. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 76 с. 

15) Штэйнер І.Ф. “Свае руны мне не вышыць…”: спадчына Анатоля Сыса. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 40 с. 

16) Штэйнер І.Ф. “Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…”: паэзія У.Караткевіча і класічныя традыцыі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 120 с. 

17) Штейнер И.Ф. Кому без человека нужно слово: перспективы литературы в III тысячелетии. – Минск: Книгосбор, 2008. – 60 с. 

18) Штэйнер І.Ф. De profundis clamavi: Смех і роспач у нацыянальнай мастацкай традыцыі. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2008. – 87 с. 

19) Штэйнер І.Ф. Ex promtо – ex propositо: Экспромтом и осмысленно. – Гомель: “Сож”, 2008. – 360 с. 

20) Мельнікава А.М. Паэтыка твораў Кузьмы Чорнага. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2008. – 188 с. 

21) Штэйнер І.Ф. Дняпроўскія матывы. – Гомель: “Сож”, 2009. – 368 с. 

22) Брадзіхіна А.В.Сучасная беларуская інтымная лірыка: тэндэнцыі і перспектывы развіцця. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2009. – 203 с. 

23) Пазняк Н.М. Літаратура бліжняга замежжа. Тэксты лекцый па раздзеле «Сучасная ўкраінская літаратура».– Гомель: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2010.- 60 с. 

24) Штейнер И.Ф. Криница, из которой пил святой: Философия поэзии Алеся Рязанова. – Минск: РИВШ, 2010. – 162 с. 

25) Штэйнер І.Ф. Alma mater universitatis. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. – 198 c.
 


2011 Научная деятельность кафедры. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates