ЧЫТАЕМ КУПАЛУ РАЗАМ
29 лістапада 2017 года ў чытальнай зале галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прайшла акцыя «ЧЫТАЕМ КУПАЛУ РАЗАМ», прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
Ідэя акцыі, распрацаваная і рэалізаваная прафесарам кафедры беларускай мовы Ляшчынскай В.А., заключалася ў аб’яднанні студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў усіх факультэтаў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта для ўшанаванні памяці і даніны павагі нашчадкаў да вядомага ў многіх краінах свету геніяльнага паэта, таленавітага драматурга, палымянага публіцыста, літаратураведа, выдатнага мысліцеля, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, лідара беларускай нацыі – Янкі Купалы, а таксама ў прапагандзе яго паэтычнай спадчыны, культурна-асветніцкай дзейнасці, у пашырэнні ведаў пра жыццё і творчасць мастака, яго наватарства, закладзеныя традыцыі, той ролі, якую ён адыграў у вызначэнні нацыянальнай ідэі беларусаў, вызваленчага руху народаў ад жорсткага сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, за права «людзьмі звацца», з мэтай рэкламы беларускай мовы, прыгожага паэтычнага беларускага слова, узнятага да вышынь Купалам.
Прагучалі вершы самай рознай тэматыкі, байкі, эпіграмы, урыўкі з паэм у выкананні дэканаў амаль усіх факультэтаў, студэнтаў філалагічнага факультэта і факультэта замежных моў, а верш «А хто там ідзе?» удзельнікі акцыі пачулі не толькі на роднай мове паэта, але і ў перакладах на англійскую, кітайскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, французскую, туркменскую і турэцкую мовы з ліку больш чым за сто вядомых перакладаў на розныя мовы свету.
Прафесійна і з глыбокім пачуццём студэнты філалагічнага факультэта Ганна Плахатнюк і Паліна Заўтрыкава выканалі песні на словы вершаў Янкі Купалы «Спадчына» і «Малітва».
Акцыя прайшла цікава, карысна, пазнавальна, у цёплай і душэўнай атмасферы.
З.У. Шведава