Памяці Валянціны Пятроўны Лемцюговай
1933 – 2018
3 сакавіка 2018 года не стала Валянціны Пятроўны Лемцюговай – знакамітага беларускага мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, прафесара, добразычлівай жанчыны і патрыёта сваёй Радзімы.
Усё сваё жыццё Валянціна Пятроўна прысвяціла даследаванню сучаснай беларускай мовы, анамастыкі. Мела больш за 300 навуковых прац, прысвечаных пытанням станаўлення і функцыянавання ўсходнеславянскай айканіміі. Узначальвала анамастычную школу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваную ў 1960-я гады М. Бірылам. Дастаткова пералічыць толькі асноўныя яе працы, каб зразумець неацэнны ўклад гэтай цудоўнай жанчыны ў беларускую навуку: “Беларуская айканімія” (1970), “Украінска-беларускі слоўнік” (1980), “Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения” (1983), “Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы” (1987, 2005; у суаўтарстве), “Кіраванне ў беларускай і рускай мовах” (1991), “Кароткі слоўнік беларускай мовы” (1994), “Беларуская граматыка” (т. 1, 1985; у суаўтарстве), “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (у 5 т.; т. 1, 1995; у суаўтарстве), “Слоўнік мовы «Нашай нівы» (1906—1915)” (у 5 т.; т. 1, 2003; т. 2, 2007; у суаўтарстве), “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” (у 6 кн., 2003—2010; рэдакцыя), “Тапонімы распавядаюць” (2008).
Светлая памяць Валянціне Пятроўне і шчырая ўдзячнасць за яе зробленыя справы і чалавечыя якасці. Памяць пра яе будзе жыць у нашых сэрцах і застанецца назаўсёды ў яе кнігах, слоўніках і артыкулах.