Міжнародная навуковая канферэнцыя “Фразеалогія ў кантэксце сумежных навук”
12–13 кастрычніка 2020 года на філалагічным факультэце Ужгарадскага нацыянальнага ўніверсітэта (Україна) адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Фразеалогія ў кантэксце сумежных навук”, наладжаная ў гонар 80-годдзя з дня нараджэння доктара філалагічных навук прафесара В. М. Макіенкі, ганаровага старшыні Камісіі па славянскай фразеалогіі пры Міжнародным камітэце славістаў.
Праграма канферэнцыі давяла аб актыўнасці вучоных з розных краін: у ёй прынялі ўдзел больш за сто фразеолагаў і парэміёлагаў з Беларусі, Германіі, Грузіі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Чэхіі і інш. Ад Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны былі заяўлены даклады прафесараў У. І. Коваля, В. А. Ляшчынскай, А. У. Нічыпорчык і магістранта філалагічнага факультэта А. Аксёнчыкавай-Біруковай.
Канферэнцыя працавала ў рэжыме оn-line, яе вяла доктар філал. навук прафесар Ужгарадскага нацыянальнага ўніверсітэта вядомы фразеолаг Н. Ф. Венжыновіч, з якой у гомельскіх калег даўнія сувязі і трывалыя навуковыя інтарэсы. У першы дзень работы канферэнцыі на пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады прафесара кафедры беларускай мовы В. А. Ляшчыскай (“Метафарычнае вымярэнне хуткасці працякання часу ў беларускай фразеалогіі”) і прафесара кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства У. І. Коваля (“Эвфемистические фразеологизмы в славянских и китайском языках”), а на другі дзень – даклад загадчыка кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства А. У. Нічыпорчык (“К вопросу об инновациях в паремиологических исследованиях”).