Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі
Даследаванне матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларускага народа мае ў наш час асаблівае значэнне. Зварот да народнай культуры вельмі важны для гуманізацыі грамадства, яго духоўнага развіцця, адраджэння многіх страчаных ім эстэтычных ідэалаў, мае значэнне і для патрыятычнага выхавання моладзі, паколькі павышае яе цікавасць да гісторыі роднага краю, фарміруе павагу і пашану да традыцыйнай культуры, павышае ўзровень нацыянальнай свядомасці.
Усходняе Палессе, на тэпыторыі якога мы пражываем, – унікальны рэгіён са своеасаблівай гісторыяй, культурнымі і моўнымі адметнасцямі, які адыграў істотную ролю ў фарміраванні беларускага этнасу, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Культурная прастора Усходняга Палесся, якая мае глыбокія гістарычныя карані, захоўвае шматлікія рэліктавыя з’явы агульнаславянскай і ўсходнеславянскай культуры. На гэтай тэрыторыі найбольш поўна ў розных формах праяўлення – абрадах, звычаях, рытуалах, міфах, паданнях, паэтычнай творчасці, лексіцы – захаваліся архаічныя элементы традыцыйнай народнай культуры, якія даказваюць генетычнае адзінства ўсходнеславянскіх народаў.
Народная мова лічыцца адным з важнейшых састаўных кампанентаў духоўнай культуры. Адной з самых цікавых і пакуль што недастаткова даследаваных у беларускім мовазнаўстве тэматычных груп народна-дыялектнай мовы з’яўляецца абрадавая лексіка, якая называе самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека, з’яўляецца вербальным кодам разнастайных рытуальных актаў і дзеянняў.
Выкладчыкі кафедры беларускай мовы ўжо даўно і плённа займаюцца вывучэннем розных тэматычных пластоў народна-дыялектнай лексікі Гомельшчыны. Імі былі апублікаваны калектыўныя манаграфіі “Назвы адзення, абутку і галаўных убораў у гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз”, “Лексіка народнай гаспадаркі ў гаворках Мазырска-Прыпяцкага Палесся”. І вось выйшла чарговая манаграфія “Абрадавая лексіка ў гаворках Гомельшчыны: этналінгвістычны аналіз” (А.А. Станкевіч, К.Л. Хазанава, А.М. Воінава. – Гомель, 2015. – 269 с.), прэзентацыя якой адбылася ў студэнцкай аўдыторыі 16 чэрвеня. Студэнты з цікавасцю слухалі выступленні выкладчыкаў-аўтараў манаграфіі і выказалі жаданне больш падрабязна пазнаёміцца з кнігай.