Абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”
29 красавіка 2017 года на базе ДУА “Гімназія №36 г. Гомеля імя І. Мележа” адбыўся чарговы абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў 8 – 10 класаў школ г. Гомеля і Гомельскай вобласці. У якасці членаў журы былі запрошаны выкладчыкі філалагічнага факультэта: праф. Ляшчынская В.А., дац. Воінава А.М., дац. Кастрыца А.М., дац. Палуян А.М., дац. Паплаўная Л.В., дац. Хазанава К.Л., дац. Цімашэнка Н.П., дац. Шведава З.У., асістэнт Сіразтдзінава А.М. Старшынёй конкурсу абрана прафесар кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар – В.А. Ляшчынская.
Конкурс праходзіў у два этапы. Першы этап – мультымедыйнае эсэ, якое было дамашнім заданнем і заключалася ў выглядзе вуснага выказвання на агульную для ўсіх тэму (для кожнага класа асобная тэма) і мультымедыйную прэзентацыю свайго выступлення. Другі этап заключаўся ў падрыхтоўцы тэксту вуснага выказвання на адну з прапанаваных двух тэм, адзначаных у картках, што выцягваў кожны вучань і рыхтаваў не менш як 15 мінут.
Вынікі конкурсу паказалі добрае валоданне нормамі беларускай літаратурнай мовы, выпрацаваныя ўменні падбіраць ілюстрацыйны і фактычны матэрыял па тэме выказвання, апрацоўваць і складаць тэкст выступлення як дамашняга задання. Крыху горш было з выказваннем на прапанаваную тэму ва ўмовах аўдыторыі, не заўсй1ды правільным разуменнем тэмы для выказвання ў выглядзе цытаты з твораў беларускіх мастакоў слова. Але ўвогуле конкурс прадэманстраваў высокі ўзровень валодання беларускай мовай, асэнсаваннем яе месца і ролі ў камунікацыйных мэтах, як мовы тытульнай нацыі і неабходнасці яе раўнапраўнага выкарыстання ў грамадстве.
В.А. Ляшчынская, З.У. Шведава