Студэнцкі круглы стол “Беларускае мовазнаўства на мяжы стагоддзяў”

4 мая 2018 года студэнты 3 курса філалагічнага факультэта спец. “Беларуская філалогія” (група БФ-31) разам з дацэнтам кафедры беларускай мовы к.ф.н. К. Л. Хазанавай у аўдыторыі 2-12 корпуса № 1 ГДУ імя Ф. Скарыны правялі круглы стол “Беларускае мовазнаўства на мяжы стагоддзяў”.

 


Да мерапрыемства студэнты падрыхтавалі паведамленні, прысвечаныя навуковым падзеям і вядомым навукоўцам, пакінуўшым свой адбітак у беларускай лінгвістыцы ў канцы ХХ ст. і ў нулявых і дзясятых гадах ХХІ ст.

 

Адметнасцю круглага стала тое, што будучыя філолагі рыхтавалі даклады пра амаль сучасны ім час. Імёны беларускіх мовазнаўцаў, даследаванні якіх сталі аб’ектам падрыхтаваных работ, добра вядомыя студэнтам. На працягу навучання ў школе і ва ўніверсітэце сённяшнія студэнты штудзіравалі розныя раздзелы беларускай мовы менавіта па падручніках і дапаможніках, падрыхтаваных мовазнаўцамі другой паловы ХХ ст.

Паведамленні атрымаліся цікавыя і разнастайныя. Студэнты пазнаёміліся не толькі з навуковай дзейнасцю мовазнаўцаў, але і з некаторымі звесткамі з жыцця лінгвістаў. Падмацаванне паведамленняў мультымедыяпрэзентацыямі спрыяла іх візуалізацыі, што паўплывала на лепшую запамінальнасць прапанаванай інфармацыі.

Асобная старонка круглага стала прысвячалася мовазнаўцам Гомельшчыны, якая падаравала краіне многіх беларускіх мовазнаўцаў. Нездарма 2018 год аб’яўлены годам Малой радзімы. Падчас круглага стала прагучалі паведамленні пра лінгвістаў Гомельскай вобласці, сярод якіх У. В. Анічэнка, В. В. Шур.

Студэнты з цікавасцю паслухалі паведамленні калег пра навуковыя дасягненні не проста вядомых беларускіх лінгвістаў, а сваіх “родных” выкладчыкаў А. А. Станкевіч і В.А. Ляшчынскай.


2011 Студэнцкі круглы стол “Беларускае мовазнаўства на мяжы стагоддзяў”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates