Тэатр як гісторыя разбурэння і адраджэння



Студэнты філалагічнага факультэта 17 кастрычніка атрымалі ўнікальную магчымасць сустрэцца з вядомым тэатразнаўцам, доктарам філалагічных навук, дацэнтам Варшаўскага ўніверсітэта Андрэем Масквіным.

Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя манаграфіі даследчыка “Беларускі тэатр 1920-30-х гадоў”, якая ўяўляе сабой пашыраны беларускамоўны пераклад працы “Teatr Białoruski 1920-1930. Odrodzenie i zagłada”. Дадзеная кніга сапраўды з’яўляецца з’явай выключнай, бо ў ёй упершыню грунтоўна прасочваюцца ўсе этапы станаўлення і развіцця беларускага тэатра – ад аматарскіх калектываў да прафесійных устаноў культуры. Невыпадкова абраныя і храналагічныя рамкі (1920-30 гг.), таму што працэс пашырэння і якаснай трансфармацыі тэатральнага мастацтва ў нашай краіне адбываўся найбольш актыўна якраз у дадзены перыяд.

А. Масквін распавёў прысутным пра стварэнне першых беларускіх тэатраў (БДТ-1 у Мінску і БДТ-2 у Віцебску), падрыхтоўку актораў для іх, працу выбітнага рэжысёра Е. Міровіча. Звяртаўся даследчык і да дзейнасці перасоўных вандроўных тэатраў У. Галубка, І. Буйніцкага. Не былі пакінутыя па-за ўвагай таксама найбольш папулярныя пісьменнікі-драматургі, п’есы якіх мелі поспех у першай трэці ХХ ст.

Аўдыторыя слухала вельмі ўважліва, доказам чаго была вялікая колькасць пытанняў. Студэнты цікавіліся запатрабаванасцю беларускай драматургіі за мяжой, сучаснымі прэм’ерамі і постацямі майстроў сцэны. Не пакінулі прысутных абыякавымі таксама асабістыя моманты з жыцця навукоўца (наведаныя ім прыгожыя мясціны, любімыя літаратурныя аўтары і інш.).

 Аляксандр Дакукін, студэнт 4 курса




 

 

2011 Тэатр як гісторыя разбурэння і адраджэння. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates