21 лютага - міжнародны дзень роднай мовы
Як чалавека, які нарадзіўся ў Брэсце, мяне заўжды інтрыгавала пытанне мясцовай мовы. Ад неглыбокіх людзей можна пачуць, што тут гавораць «на сумесі беларускай, украінскай, польскай і рускай моваў». Мінімальнай адукацыі і логікі досыць, каб зразумець, што гэта не так. Прычым калі цяпер яшчэ агрэсіўная русіфікацыя і міграцыі апошніх дзесяцігоддзяў прывялі да таго, што сапраўды многія людзі сталі гаварыць па-расейску з мясцовай фанетыкай і асобнымі мясцовымі словамі, то — цяперашняй моладзі гэта можа быць дзівосна, — яшчэ 30 гадоў таму, у 1980-я гады ў вёсках суцэльна, а ў гарадах у хаце з выключнай чысцінёй гаварылі па-свойму, а па-расейску не гаварыў ніхто, акрамя прыезджых з Расіі і вузкага русіфікаванага слою.
«Свая мова» панавала абсалютна ва ўсіх неафіцыйных сітуацыях. Тое самае, зрэшты, было і ва ўсёй Заходняй Беларусі. Прычым гаварылі з захаваннем спрадвечных асаблівасцяў: у адной з маіх родавых вёсак казалі «жаба», «жаба», у другой — «жеба», «шепка». Існавала і свайго роду «кайнэ», гаворка, што ўспрымалася як нейтральная, прымальная для ўсіх. Усе школы ў гарадах былі расейскамоўныя, але, напрыклад, я да школы практычна не гаварыўпа-расейску і мову расейскую чуў пераважна з тэлевізара, які глядзеў рэдка.
Савецкія ўлады разлічвалі мясцовыя гаворкі й мовы з часам, паціху ліквідаваць на карысць расейскай, таму моўнае пытанне не акцэнтавалі. Моўныя веды застаюцца ў большасці людзей вельмі павярхоўнымі, бо ў школах пра мясцовыя гаворкі не гавораць. А не гавораць, бо школьныя праграмы доўгі час заставаліся прадуманыя такім чынам, каб весці да русіфікацыі. Дый краязнаўчыя веды трымалі на ўзроўні прымітыўных ідэалагізаваных схемаў.
Навукоўцы ў ХІХ і ХХ ст. правялі дасканалыя даследаванні дыялектаў [С.П. Мікуцкі — 1855, П.А. Гільтэбрант — 1866, Я.Ф. Карскі — 1904, 1905, 1917, пасля Бузук у 1920-я ўдакладніў іх], і яны паказалі: мяжа беларускіх і ўкраінскіх гаворак праходзіць па лініі Белавежская пушча — рака Ясельда — Целяханы — Лунінец — рака Гарынь. На поўнач гэта беларускія гаворкі (хадзіць або ходзіці, рабіць або робіці, конь, лес, дзень). На поўдзень гэта ўкраінскія гаворкі (ходыты, робыты, кінь, ліс, дэнь). І толькі на самай мяжы ёсць месцамі гаворкі сапраўды пераходныя, дзе адны рысы — беларускія, а другія — украінскія.
Пад Пінскам і Брэстам кажуць «ходыты», «дэнь».
Дарэчы, на думку мовазнаўцы Клімчука, гаворку, блізкую да мовы Кіева часоў Кіеўскай Русі сёння можна пачуць у Гарадной Столінскага раёна — тысячу гадоў таму яна была горадам, а цяпер гэта заштатнае пасяленне, дзе, праўда, захаваліся векавыя традыцыі рамесніцтва.
А вось гаворкі Баранавіч, Косава, Ружанаў, Ваўкавыска належаць да паўднёва-заходніх дыялектаў беларускай мовы. Літаратурная ж мова, нагадаю, сфармавалася на аснове сярэднебеларускіх (паласа Вільня-Мінск-Гомель)
Я гавару тут пра мову, а не нацыянальную самаідэнтыфікацыю. Нацыянальнасць — гэта позняе тварэнне.
Саманазвы новага часу (беларусы, украінцы) былі прыдуманыя адміністратарамі і навукоўцамі. У Беларусі і Украіне назвы ўстанавіліся ў ХІХ, а замацаваліся ў ХХ стагоддзях. У масе сваёй нацыянальная ідэнтыфікацыя супадае ў Беларусі з дзяржаўнымі межамі, што ўстанавіліся пасля Другой сусветнай. Ізноў жа, ёсць выняткі — сем’і і супольнасці з моцнымі польскімі, украінскімі і расійскімі каранямі, асабліва ў прымежных рэгіёнах ці вялікіх гарадах. Няма нічога ўнікальнага ў тым, што людзі, родная мова якіх украінская, адчуваюць сябе беларусамі. Такіх выпадкаў у свеце шмат. Напрыклад, у Эльзасе (Францыя) гавораць на германскім дыялекце, гістарычна там жылі алеманы, але пры гэтым людзі маюць французскую свядомасць.
Як звяртаў увагу Алег Дзярновіч, сталіцай ВКЛ была Вільня, і гэта фармавала палітычную свядомасць берасцейцаў і пінчукоў, што стала асновай будучай нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Нацыянальнасць пазнейшая за саманазвы, а вось мова і культурная еднасць сфармаваліся ў прадаўнія часы, калі людзям яшчэ не было патрэбы сябе неяк нацыянальна называць.
Першая захаваная саманазва паводле дзяржаўнай і рэлігійнай прыналежнасці — гэта «русь, рускія, руськія людзі» — падданыя Русі, паства «рускай царквы». І яшчэ «літвіны, літва, літоўскія людзі» — падданыя Літвы, частка літоўскага адзінства. Менавіта гэтыя назвы захаваліся, дзякуючы доўгай наяўнасці адпаведнай царквы ці нядаўняй дзяржавы. У часы ж тых першых супольнасцяў людзі дзялілі чалавецтва на «сваіх» і «несваіх». «Гаварыпа-свойму» — гэта сціплая формула першай тоеснасці дажыла да нашых дзён.
Калі дапусціць, што да часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай існавалі толькі племянныя дыялекты, а мовы й культуры раздзяліліся ў XIII–XVIстагоддзях, то іх межы павінны супадаць з межамі ВКЛ ці РП. Не супадаюць!
Некаторыя кажуць, што беларуская і ўкраінская мовы раздзяліліся пасля Люблінскай уніі. (І Сталін, які алоўкам па мапе вызначыў цяперашнюю мяжу між Украінай і Беларуссю, правёў яе амаль дакладна па колішняй мяжы між Княствам і Каронай пасля 1569 года.) Але ж тая мяжа Вялікага Княства і Кароны праходзіла не там, дзе праходзіць мяжа беларускіх і ўкраінскіх гаворак сёння! На Мазырскім Палессі — так, але не на Берасцейшчыне.
Ніякай дзяржаўнай мяжы, мяжы «адукацыйнай» ці рэлігійнай, мяжы «дзяржаўнай, канцылярскай» мовы па гэтай лініі: Пушча-Ясельда-Целяханы-Лунінец-Гарынь ніколі ў часы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР не было.
І татальных міграцый — каб большасць насельніцтва замянялася на іншую — пісьмовая гісторыя не зафіксавала.
Межы моваў, дыялектаў праходзяць па межах цяперашніх ці былых дзяржаваў, асобных тэрытарыяльных адзінак. Або па межах рассялення старадаўніх плямён.
Трэба даволі доўгі часавы перыяд, каб сфармавалася асобная мова. Скажам, сербы і харваты ўтварылі асобныя дзяржавы, прынялі розныя рэлігіі, жылі ў розных гаспадарствах тысячу гадоў і нават мелі непрыязныя адносіны, але пры гэтым гаварылі на адной мове, якую доўгі час называлі сербскахарвацкай. А вось жыхары, напрыклад, Ваўкавыска і Пінска ад летапісных, ад Х ст., часоў жылі ў адных і тых жа дзяржавах, з адной сістэмай адукацыі, адной рэлігіяй, але ў выніку ў ХХ ст. па-ранейшаму гаварылі на розных мовах.
Адкуль жа такая выразная моўная мяжа на Берасцейшчыне?
Мяжа беларускай і ўкраінскай мовы азначае, што гаворкі, якія тут ёсць, сфармавалася раней за ВКЛ, раней за ХІІІ ст.
А раней — гэта калі? Навукоўцы даюць некалькі тлумачэнняў.
Берасцейшчына ўваходзіла ў Галіцка-Валынскае княства. Аднак малаімаверна, каб моватворчы працэс адбываўся ў той час, бо і беларускія, і ўкраінскія землі тады былі падзелены на розныя княствы, і няма гістарычных фактаў, якія б сведчылі, што землі Полацкага княства, Віленшчына, Наваградчына і Гомельшчына былі злучаны тады ў адну супольнасць. Хутчэй, наадварот.
Фёдар Клімчук адносіць фармаванне беларускай мовы да часоў так званай банцараўска-тушамлянска-калочынскай культуры (пачатак V — першая палова VIII ст. н. э.). Ён звяртае ўвагу на супадзенне яе археалагічнага арэалу і зоны беларускіх гаворак.
Менавіта тады, сцвярджае выдатны расійскі гісторык Валянцін Сядоў, на тэрыторыі Беларусі ішла метысізацыя славян з балтамі. Прычым Сядоў звязвае паскарэнне гэтага працэсу з прыходам у раён Дняпра, Дзвіны і Нёмана славян з Дуная. Яны сталі рухацца стуль групамі, гнаныя хвалямі качэўнікаў (гунаў, пасля авараў), што занялі Падунаўе. І яны прынеслі ў Беларусь вопыт, сфармаваны культурнымі ўплывы і гаспадарчымі практыкамі з межаў былой Рымскай імперыі. На той момант на тэрыторыі Беларусі суіснавалі іншыя славяне і балты, да іх далучылся дунайскія славяне, выводзіць на аснове археалагічных звестак Сядоў.
Дарэчы, генетычныя даследаванні паказалі супадзенні пэўных рысаў беларусаў менавіта з дунайскімі народамі (у іншых жа рысах беларусы супадаюць з расейцамі і ўкраінцамі).
Валянцін Сядоў у сваіх працах па гісторыі славян паказаў, як межы археалагічных культур, а пазней — дзяржаваў супадаюць з арэаламі сучасных дыялектаў і моваў. Аднак канкрэтна факт беларуска-ўкраінскай моўнай мяжы застаўся, здаецца, па-за ягонай увагай.
Ад тых часоў не засталося пісьмовых помнікаў. Толькі гарадзішчы ляжаць — даволі магутныя гарадзішчы.
Цікавы момант, што гарадзішча Банцараўшчына, якое па сваіх памерах і размяшчэнні магло быць адным з «цэнтраў» той першай беларускай «супольнасці», знаходзіцца акурат каля Мінска, які, дзякуючы свайму размяшчэнню ў цэнтры Беларусі, стаў сталіцай БНР, а пасля і БССР.
Клімчук мяркуе, што менавіта тады, у тыя адносна спакойныя часы, адбылася кансалідацыя насельніцтва ў трох рэгіёнах (Беларусь, Заходняя Расія і Паўночная Украіна) і ўтварыліся этнакультурныя супольнасці, якія далі аснову сучасным беларусам, украінцам, расейцам.
Калі развіць думку Клімчука, вынікае, што ў часы «Аповесці мінулых гадоў» беларускія гаворкі ўжо існавалі, і менавіта на іх гаварылі крывічы, дрыгавічы, радзімічы. І ўкраінскія гаворкі ўжо існавалі (на іх гаварылі паляне, валыняне, драўляне і г.д.) і расейскія (на іх гаварылі славене, вяцічы плюс рана асіміляваныя чудзь, мурама, мяшчэра…).
Той факт, што мяжа беларускай і ўкраінскай мовы не супадае ні з якімі дзяржаўнымі ані адміністратыўнымі граніцамі часоў пасля ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, можа быць патлумачаны толькі тым, што беларуская і ўкраінская мовы сфармаваліся раней за паўстанне першых летапісных дзяржаваў, раней за «шматковую імперыю Рурыкавічаў» Кіеўскую Русь.
Ніякага іншага тлумачэння той моўнай мяжы няма.
«Старажытнарускае адзінства» — падставовы міф расійскай імперскай гістарыяграфіі. Маўляў, быў адзін народ, а пасля ён раз’яднаўся. За адмаўленне старажытнарускага адзінства пры саветах у горшыя часы гісторык мог трапіць у Сібір, а ў лепшыя — страціць працу.
Мова — магутная аснова нацый Усходняй Еўропы. Моўнае адзінства стагоддзямі супадала з культурным адзінствам: аднолькавымі нормамі жыцця, стандартамі працы, маралі. Вось на грунце таго прадаўняга адзінства і паўсталі нацыянальныя ідэі новага часу. Народы — гэта даўнія і жыццястойкія супольнасці.
У ХІХ і ХХ ст. напрацаваны гіганцкі масіў ведаў пра мовы і гісторыю народаў Беларусі. Там свет усяго цікавага. Трэба гэта толькі выбіраць і перавыдаваць. Для таго і патрэбна праца людзей кшталту Валера Булгакава з ягонымі збораў твораў выдатных інтэлектуалаў, але таксама кшталту Анатоля Тараса з ягоным уменнем падаць, раскрыць веды папулярна. Працы Сядова, Асоўскага, Клімчука патроху з’яўляюцца ўжо і ў электронным фармаце, уінтэрнэт-бібліятэках. Трэба выдаўцам яшчэ намацаць тэхнічную магчымасць браць грошы за доступ да гэтых тэкстаў. Такім спосабам яны будуць мець сродкі, каб больш усяго публікаваць анлайн.