Конкурс знаўцаў роднай мовы і літаратуры!
Алімпіядны рух – адзін з яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Асноўныя мэты алімпіяды – павышэнне цікавасці да вучэбных прадметаў, развіццё творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы.
Традыцыйна ў студзені праходзіць трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. З 13 па 16 студзеня на базе Гомельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа праводзіўся трэці тур Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і беларускай літаратуры. Удзельнікі – 94 навучэнцы дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля і Гомельскай вобласці.
Першы тур – напісанне водгуку на прапанаваны вершаваны ці празаічны твор. Алімпіяднікі павінны былі прадэманставаць чытацкі вопыт, уменне выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, ідэю твора, разуменне аўтарскай пазіцыі; абгрунтаваць уласнае прачытанне твора, вызначыць ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці. На выніковы бал уплывалі моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку, творчы характар работы.
Другі этап – комплексная работа па беларускай мове і літаратуры. Прапанаваныя ў комплекснай рабоце заданні ахопліваюць розныя раздзелы сучаснага мовазнаўства, а таксама выяўляюць веды па гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры. Матэрыял базіруецца на школьнай праграме, пры гэтым правяраецца мысленчая самастойнасць і кругагляд.
Алімпіяда – гэта выпрабаванне не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы – выкладчыкаў кафедры беларускай мовы і кафедры беларускай літаратуры УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”. Каб ацаніць работы, неабходны глыбокія веды і ўважлівасць. А яшчэ журы павінна было вызначыць лепшых з лепшых. У выніку ўзнагароды атрымалі 46 удзельнікаў: 7 дыпломаў І ступені; 11 – ІІ ступені; 28 – ІІІ ступені.
Пераможцаў трэцяга этапу чакаюць новыя спаборніцтвы – заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды, які пройдзе ў сакавіку.
Хочацца верыць, што ўдзельнікі алімпіяды і надалей захаваюць цікавасць і любоў да беларускай мовы і літаратуры, папоўняць шэрагі студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнга ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Алена Палуян, дэкан філалагічнага факультэта, член журы