ЭСКУРСІЯ Ў ФІЛІЯЛ ДУК “ВЕТКАЎСКІ МУЗЕЙ СТАРААБРАДНІЦТВА І БЕЛАРУСКІХ ТРАДЫЦЫЙ ІМ. Ф.Р. ШКЛЯРАВА”

22 кастрычніка 2026 года мы, студэнты беларускай філалогіі ГДУ ім. Ф. Скарыны, разам з Новак В. С. у межах вывучэння дысцыпліны "Культуралогія" пабылі на экскурсіі ў філіяле "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава".
Супрацоўнікі музея сустрэлі нас гасцінна, на ўваходзе мы заўважылі выяву Архангела Міхаіла і драўляную выразку з назвай музея. Першая зала, або "Выратаванае Евангелле", ─ гэта цэнтр знаёмства з кніжнай культурай. У гэтым пакоі нам былі прадэманстраваны рукапісныя выданні на стараславянскай мове: старадрукаваныя і рукапісныя Евангеллі, фрагменты богаслужбовых зборнікаў, Псалтыры з крукавай натацыяй. Далей, праходзячы ў наступную залу "Апошняе набыццё" (часовая экспазіцыя новых паступленняў 2021-2026 гг.), мы ўбачылі мноства абразоў. Гэта зала з абразамі (як са старымі, якім спатрэбілася рэстаўрацыя, так і з больш новымі, якіядобра захаваліся), прыгожымі ручнікамі, вітрынай-імітацыяй памяшкання таго часу, дзе чыталіся малітвы і займаліся іканапісам, нам вельмі спадабалася.
Трэцяя зала пад назвай "Коні і абразы" была не менш цікавай: тут знайшлі адлюстраванне і хрысціянскія матывы, і народныя. На абразах, акрамя Святых, намаляваны таксама коні. У зале прысутнічаюць і прадметы з конскай сімволікай (металічныя спражкі, бляхі, элементы збруі), драўляныя разныя дэталі (ліштва, элементы калёс).
У чацвёртай зале ("Выстава Вока") студэнты пазнаёміліся з ручным ткацкім станком (кросны) і нават паспрабавалі самастойна ткаць. У зале мы разгледзелі прадметы побыту, беларускія льняныя кашулі, мастацкія кампазіцыі са сваімі цікавымі гісторыямі, ручнікі з чырвонымі ўзорамі.
Экскурсія па філіялу "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава" стала для студэнтаў-філолагаў не проста знаёмствам з экспанатамі, а сапраўдным адкрыццём жывой гісторыі беларускай культуры.

Студэнтка групы БФ-11, Мілана Філімончык

2011 ЭСКУРСІЯ Ў ФІЛІЯЛ ДУК “ВЕТКАЎСКІ МУЗЕЙ СТАРААБРАДНІЦТВА І БЕЛАРУСКІХ ТРАДЫЦЫЙ ІМ. Ф.Р. ШКЛЯРАВА”. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates