Навуковая вандроўка ў Віцебск

27 снежня 2018 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава адбылося выніковае паседжанне камісіі XXV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў 2018 года.

У гэтым годзе ад філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны да ўдзелу ў XXV Рэспубліканскага конкурсе навуковых работ студэнтаў былі вылучаны 4 работы:

  • “Прасторава-часавая арганізацыя раманаў Л. Дайнекі” - Канаваленка Анастасія Віктараўна – магістрант, навуковы кіраўнік – Брадзіхіна Ала Васільеўна, к.ф.н., дацэнт каф. беларускай літаратуры;
  • “Канцэптасфера Алеся Разанава” - Дакукін Аляксандр Дмітрыевіч – магістрант, навуковы кіраўнік – Мельнікава Анжэла Мікалаеўна, д.ф.н., дацэнт каф. беларускай літаратуры;
  • “Субстантивы с суффиксом -в- в истории русского языка” - Салодкая Аксана Іванаўна – аспірант, навуковы кіраўнік – Цімашэнка Алена Іванаўна, к.ф.н., дацэнт каф. рускага і агульнаславянскага мовазнаўства;
  • “Русская анакреонтика 18 века” - Трацьякова Лаліта Сяргееўна – выпускнік, навуковы кіраўнік – Азарава Іна Барысаўна, ст. выкладчык каф. рускай і сусветнай літаратуры.

На выніковае паседжанне камісіі XXV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў 2018 года былі запрошаны магістранты філалагічнага факультэта А. Канаваленка і А. Дакукін.

 


А. Канаваленка выступіла з паведамленнем “Прасторава-часавая арганізацыя раманаў Л. Дайнекі”. Члены камісіі былі вельмі зацікаўленыя ўзнятай праблемай і актыўна задавалі пытанні наконт выкарыстанай тэрміналогіі і раскрыцця пэўных аспектаў твораў празаіка. А. Дакукін распавёў прысутным пра канцэптасферу Алеся Разанава, пасля чаго таксама адбылося абмеркаванне работы і высвятленне некаторых пытанняў.

Падчас падарожжа мы мелі ўнікальную магчымасць наведаць ажно тры вобласці Беларусі і на свае вочы пабачыць зусім яшчэ маленькі Дняпро ля Оршы, адчуць подых старажытнасці ў Абідавічах, а таксама паглядзець на купалаўскія краявіды недалёка ад Ляўкоў. Сам Віцебск сустрэў нас вялікай завірухай, якая, аднак, не перашкодзіла пабачыць некаторыя з гарадскіх славутасцяў (напрыклад, новы кафедральны касцёл Езуса Міласэрнага).

Незвычайны выгляд мае і Віцебскі ўніверсітэт. Ён месціцца ў адным вялікім шматпавярховым будынку, які ўражвае сваёй велічынёй і памерамі. Тамтэйшы філалагічны факультэт знаходзіцца ажно на шостым паверсе.

Па выніках конкурсу работа А. Канаваленка стала Лаўрэатам, а работа А. Дакукіна атрымала І катэгорыю.

Работа А. Салодкай атрымала І катэгорыю, а даследаванне Л. Трацьяковай – ІІІ катэгорыю.

Віншуем!

А. Дакукін, А. Канаваленка


1

 

2

 

3

 

4

2011 Навуковая вандроўка ў Віцебск. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates