Актуальныя праблемы філалогіі: выпуск 12

 

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны быў апублікаваны зборнік навуковых артыкулаў студэнтаў і магістрантаў "Актуальныя праблемы філалогіі. Выпуск 12"

У зборніку прадстаўлены працы маладога пакалення даследчыкаў літаратуры, мовы і фальклору, якія яскрава характарызуюць належны ўзровень і перспектывы развіцця беларускай філалагічнай навукі ў ХХІ стагоддзі. Зборнік  складаецца з трох частак, кожная з якіх рэпрэзентуе навуковыя пошукі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў філалагічнага факультэта і факультэта замежных моў ГДУ імя Ф.Скарыны, а таксама БДПУ імя М. Танка ў адпаведнай галіне гуманітарных даследаванняў.

 

IMG00178

 



 

Літаратуразнаўчыя артыкулы прысвечаны самым разнастайным праблемам класічнага і сучаснага, рускага і айчыннага вербальнага мастацтва. Акрамя прац манаграфічнага характару, дзе даследуюцца асаблівасці паэтыкі (адметнасці вобразна-сімвалічных структур, жанравая спецыфіка, тыпалагічныя сыходжанні і інш.), ідэйна-эстэтычных і светапоглядных канцэпцый асобных пісьменнікаў, у зборніку прадстаўлена нямала даследаванняў панарамна-аглядавага характару. Апошнія характарызуюцца даволі цікавымі падыходамі ў асэнсаванні актуальных праблем сённяшняга мастацтва слова і выбарам маладаследаваных ракурсаў разгляду літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў (экзістэнцыйныя праблемы, жанравыя мадыфікацыі і інш.). Акрамя таго, шэраг артыкулаў прысвечаны пытанням тэорыі літаратуры.

Лінгвістычныя артыкулы таксама закранаюць шырокі спектр праблем, звязаных з рознымі раздзеламі мовазнаўства: фразеалогіяй, гісторыяй мовы,  анамастыкай, стылістыкай, лексікалогіяй і інш. Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе працы, прысвечаныя тэорыі перакладу, надзвычай складанай і запатрабаванай у сённяшняй навуцы галіне лінгвістычнай дзейнасці.

Артыкулы, змешчаныя ў раздзеле “Фалькларыстыка”, грунтуюцца на сабраным самімі аўтарамі матэрыяле і ўяўляюць сабой арыгінальныя даследаванні ў рэчышчы катэгорый “лакальнае”, “рэгіянальнае” і “нацыянальнае” .

Зборнік навуковых артыкулаў "Актуальныя праблемы філалогіі" стаў ужо традыцыйным і штогадовым. Ужо адразу пасля выхаду у свет выпуска 2019 года распачаты збор прац маладых філолагаў у чарговы зборнік будучага года "Актуальныя праблемы філалогіі - 2020". Запрашаем да супрацоўніцтва! 

 

IMG00177

2011 Актуальныя праблемы філалогіі: выпуск 12. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates