Материалы
Актуальныя праблемы філалогіі: выпуск 12
У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны быў апублікаваны зборнік навуковых артыкулаў студэнтаў і магістрантаў "Актуальныя праблемы філалогіі. Выпуск 12"
У зборніку прадстаўлены працы маладога пакалення даследчыкаў літаратуры, мовы і фальклору, якія яскрава характарызуюць належны ўзровень і перспектывы развіцця беларускай філалагічнай навукі ў ХХІ стагоддзі. Зборнік складаецца з трох частак, кожная з якіх рэпрэзентуе навуковыя пошукі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў філалагічнага факультэта і факультэта замежных моў ГДУ імя Ф.Скарыны, а таксама БДПУ імя М. Танка ў адпаведнай галіне гуманітарных даследаванняў.
Літаратуразнаўчыя артыкулы прысвечаны самым разнастайным праблемам класічнага і сучаснага, рускага і айчыннага вербальнага мастацтва. Акрамя прац манаграфічнага характару, дзе даследуюцца асаблівасці паэтыкі (адметнасці вобразна-сімвалічных структур, жанравая спецыфіка, тыпалагічныя сыходжанні і інш.), ідэйна-эстэтычных і светапоглядных канцэпцый асобных пісьменнікаў, у зборніку прадстаўлена нямала даследаванняў панарамна-аглядавага характару. Апошнія характарызуюцца даволі цікавымі падыходамі ў асэнсаванні актуальных праблем сённяшняга мастацтва слова і выбарам маладаследаваных ракурсаў разгляду літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў (экзістэнцыйныя праблемы, жанравыя мадыфікацыі і інш.). Акрамя таго, шэраг артыкулаў прысвечаны пытанням тэорыі літаратуры.
Лінгвістычныя артыкулы таксама закранаюць шырокі спектр праблем, звязаных з рознымі раздзеламі мовазнаўства: фразеалогіяй, гісторыяй мовы, анамастыкай, стылістыкай, лексікалогіяй і інш. Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе працы, прысвечаныя тэорыі перакладу, надзвычай складанай і запатрабаванай у сённяшняй навуцы галіне лінгвістычнай дзейнасці.
Артыкулы, змешчаныя ў раздзеле “Фалькларыстыка”, грунтуюцца на сабраным самімі аўтарамі матэрыяле і ўяўляюць сабой арыгінальныя даследаванні ў рэчышчы катэгорый “лакальнае”, “рэгіянальнае” і “нацыянальнае” .
Зборнік навуковых артыкулаў "Актуальныя праблемы філалогіі" стаў ужо традыцыйным і штогадовым. Ужо адразу пасля выхаду у свет выпуска 2019 года распачаты збор прац маладых філолагаў у чарговы зборнік будучага года "Актуальныя праблемы філалогіі - 2020". Запрашаем да супрацоўніцтва!