РЫХТУЮЦЦА БУДУЧЫЯ ДАСЛЕДЧЫКІ, ТВОРЧЫЯ І ІНІЦЫЯТЫЎНЫЯ НАВУЧЭНЦЫ
22 сакавіка 2025 года на базе і па ініцыятыве супрацоўнікаў ДУА “Гімназія № 10 г. Гомеля” адбылася чарговая, ужо ХХІ, Адкрытая канферэнцыя “Свабодны выбар”. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел навучэнцы ад 5 па 11 класы з розных навучальных устаноў г. Гомеля, Гомельскай вобласці, а таксама вучні з Бранска і горада Зеленагорска Рэспублікі Татарстан.
Праца канферэнцыі, як заўсёды, была арганізавана па секцыях, на якіх былі заслуханы падрыхтаваныя навукова-даследчыя работы навучэнцаў школ, гімназій, каледжаў па розных напрамках у межах дысцыплін школьных праграм. Экспертныя камісіі для ацэнкі выступленняў навучэнцаў з навукова-даследчымі работамі, прэзентацыямі былі складзены з ліку настаўнікікаў-прадметнікаў гімназіі № 10 і запрошаных выкладчыкаў з розных факультэтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Секцыя беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, у склад экспертнай камісіі якой увайшлі Н.В. Жаўняк, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 г. Гомеля, А.В. Брадзіхіна, дацэнт кафедры беларускай літаратуры УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, В.А. Ляшчынская, прафесар кафедры беларускай мовы УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, доктар філалагічных навук, прафесар.
Чарговая штогадовая канферэнцыя “Свабодны выбар” навучэнцаў горада Гомеля і Гомельскай вобласці наглядна паказвае творчы падыход у навучанні моладзі, пачынаючы са школы, ліцэя, каледжа. Гэта і падрыхтоўка абітурыентаў, будучых студэнтаў, і, галоўнае, творчых і ініцыятыўных людзей, якія ўжо са школьных гадоў шукаюць адказы на пытанні, думаюць над іх вырашэннем, знаходзяць адказы, вучацца аналізаваць, авалодваюць майстэрствам выступлення, падрыхтоўкай і афармленнем навуковай работы.
В.А. Ляшчынская
ГІСТОРЫКУ, ЛЕКСІКОГРАФУ, БЕЛАРУСАЗНАЎЦУ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА
18-19 сакавіка 2025 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук адбылася Рэспубліканская канферэнцыяі “Беларускае гістарычнае мовазнаўства: стан і перспектывы развіцця”. Канферэнцыя арганізавана і прысвечана ў гонар 90-годдзя з дня нараджэння члена-карэспандэнта НАН Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мікалаевіча Булыкі, вядомага ў шырокіх навуковых колах філолагаў Беларусі і за яе межамі як даследчыка гісторыі развіцця і станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы, старабеларускай мовы, мовы Францыска Скарыны, лексікографа, складальніка шматлікіх і розных слоўнікаў, сярод якіх адзіны ў беларускай мове слоўнік іншамоўных слоў у двух тамах.
Віншаванні, шчырыя словы ўдзячнасці, прызнання заслуг юбіляру выказалі і даслалі філолагі і не толькі з розных навуковых і навучальных устаноў горада Мінска, усіх абласных універсітэтаў нашай краіны і з-за мяжы. А. М. Булыку добра ведаюць у “ГДУ імя Ф. Скарыны” не толькі як вучонага-лінгвіста, але і як сябра кафедры беларускай мовы, памятаюць як члена былога на філалагічным факультэце Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый на працягу ўсяго існавання Савета, апанента дысертацыйных даследаванняў асобных нашых выкладчыкаў.
Ад імя супрацоўнікаў і студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны вітальны адрас за подпісамі рэктара С.А. Хахомава і дэкана філалагічнага факультэта А.М. Палуян уручыла М.А. Булыку прафесар Ляшчынская В.А., перадала шчырыя пажаданні моцнага здароўя, творчых вынікаў у працы, якую юбіляр не спыняе, ад імя ўсіх членаў кафедры беларускай мовы, падкрэсліўшы заслугі і ролю А.М. Булыкі ў развіцці беларускага мовазнаўства па многіх яго напрамках, адзначыўшы выключную працаздольнасць, мэтавую накіраванасць у навуковых даследаваннях, творчы запал, гумар і дасціпнасць.
Працягам урачыстасцей стала работа пленарнага пасяджэння канферэнцыі, дзе сярод іншых з дакладам выступіла прафесар В.А. Ляшчынская, а затым работа двух секцый – “Актуальныя пытанні гісторыка-лінгвістычных даследаванняў” і “Надзённыя пытанні сучаснага беларускага мовазнаўства”. Завяршэннем работы канферэнцыі стаў аргнізаваны круглы стол “Аляксандр Мікалаевіч Булыка: асоба, вучоны, педагог”.
Універсітэцкія суботы 2024
30 сакавіка 2024 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Універсітэцкія суботы” адбылася сустрэча кіраўніцтва ГДУ імя Ф. Скарыны з пераможцамі абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяд і патэнцыяльнымі медалістамі-выпускнікамі школ, гімназій і ліцэяў Гомельскай вобласці і ўзнагароджанне пераможцаў універсітэцкай алімпіяды па розных прадметах.
Працягам сустрэчы для выпускнікоў устаноў сярэдняй адукацыі, іх бацькоў і блізкіх было арганізавана знаёмства з філалагічным факультэтам: прадстаўнікамі кафедраў, студэнтамі, кабінетамі, музеямі, планамі і перспектывамі набору на 1 курс усіх спецыяльнасцей факультэта. На сустрэчы прысутнічалі вучні з розных школ і гімназій г. Гомеля (№ 22, 44, 58, 60, 75) і Гомельскай вобласці (Жлобін, Лоеў, Рэчыца, Хойнікі).
Госці факультэта цікавіліся пытаннямі паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання кітайскай і іншымі мовамі, працэсам навучання ўвогуле, заглядваючы ў будучыню – размеркаваннем і інш.
Ініцыятыўная група студэнтаў філалагічнага факультэта ў складзе Ксеніі Шыхалавай (гр. РФ-21), Вікторыі Краўчанка і Таццяны Мальчыкавай (гр. РФ-11) па-свойму правялі знаёмства патэнцыяльных абітурыентаў нашага факультэта, адказалі на ўсе іх пытанні, праілюстраваўшы сваё студэнцкае жыццё загадзя падрыхтаванай прэзентацыяй пра вучобу, навуковую студэнцкую дзейнасць, арганізацыю розных конкурсаў, выхаваўчых мерапрыемстваў – адным словам, усе аспекты жыцця студэнтаў-філолагаў. Цікавым стала выступленне студэнта 2 курса Аляксея Казлякоўскага (гр. БЗА-21), які ўзначальвае студэнцкі савет факультэта.
Факультэт прадстаўлялі А.У. Нічыпорчык, загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар, і З.У. Шведава, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па прафарыентацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы, якія пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі пра шанаванне і захаванне памяці аб знакамітых выпускніках, пра традыцыі факультэта, пра арганізацыю і вынікі актыўнай навуковай работы выкладчыкаў факультэта са студэнтамі, пачынаючы з першага курса і прадаўжаючы з магістрантамі і аспірантамі, тым самым паказваючы перспектывы для будучых навукоўцаў.
Вучні і іх бацькі праявілі вялікую цікавасць, задавалі шмат пытанняў.
Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі!
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Уладзімір Дубоўка
На філалагічным факультэце ў Міжнародны дзень роднай мовы выкладчыкі і студэнты прынялі ўдзел у Рэспубліканскай дыктоўцы па беларускай мове. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства сталі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, канал “Культура” Беларускага радыё.. З вітальным словам выступіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў Ігар Лявонавіч.
Дыктоўка, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, называецца “Памяць і гонар”. Студэнты і выкладчыкі паказалі цудоўныя вынікі, прадэманстравалі выдатнае валоданне роднай мовай.
Віншуем удзельнікаў і жадаем ім поспехаў!
Конкурс знаўцаў роднай мовы і літаратуры
Алімпіядны рух – адзін з яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Асноўныя мэты алімпіяды – павышэнне цікавасці да вучэбных прадметаў, развіццё творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы.
Традыцыйна ў студзені праходзіць трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. З 8 па 11 студзеня на базе Гомельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа праводзілася алімпіяда па беларускай мове і беларускай літаратуры. Удзельнікі – 98 навучэнцаў дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля і Гомельскай вобласці.
Першы тур – напісанне водгуку на прапанаваны вершаваны ці празаічны твор. Алімпіяднікі павінны былі прадэманставаць чытацкі вопыт, уменне выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, ідэю твора, разуменне аўтарскай пазіцыі; абгрунтаваць уласнае прачытанне твора, вызначыць ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці. На выніковы бал уплывалі моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку, творчы характар работы.
Другі этап – комплексная работа па беларускай мове і літаратуры. Прапанаваныя ў комплекснай рабоце заданні ахопліваюць розныя раздзелы сучаснага мовазнаўства, а таксама выяўляюць веды па гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры. Матэрыял базіруецца на школьнай праграме, пры гэтым правяраецца мысленчая самастойнасць і кругагляд.
Алімпіяда – гэта выпрабаванне не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы – выкладчыкаў кафедры беларускай мовы і кафедры беларускай літаратуры УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”. Каб ацаніць работы, неабходны глыбокія веды і ўважлівасць. А яшчэ журы павінна было вызначыць лепшых з лепшых. Пераможцаў трэцяга этапу чакаюць новыя спаборніцтвы – заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды, які пройдзе ў сакавіку.
Хочацца верыць, што ўдзельнікі алімпіяды стануць сапраўднымі знаўцамі роднага слова і надалей захаваюць цікавасць і любоў да беларускай мовы і літаратуры, папоўняць шэрагі студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнга ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Алена Палуян, дэкан філалагічнага факультэта, член журы