Выніковы курсавы сход па педагагічнай практыцы студэнтаў 4 курса
27.04.2017 адбыўся выніковы курсавы сход па педагагічнай практыцы студэнтаў 4 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, на якім традыцыйна праводзіўся конкурс на лепшую прэзентацыю педагагічнай практыкі. Трэба адзначыць, што, у адрозненне ад папярэдніх выпускаў, студэнты 4 курса праходзілі педагагічную практыку першы і апошні раз, тэрмін практыкі цягнуўся 10 тыдняў.
Чацверакурснікі чакалі дадзены сход, каб выказацца, якія ў іх былі цяжкасці і што атрымалася, як іх сустрэлі дзеці, як яны пераадолелі першыя крокі вядзення ўрока ў якасці настаўніка, якія прыёмы і метады вядзення ўрока выкарыстоўвалі, як выходзілі са становішча, калі заканчвалі ўрок раней, якія праводзілі пазакласныя мерапрыемствы і інш. Пазітыўныя эмоцыі і станоўчыя ўражанні перапаўнялі будучых настаўнікаў.
Студэнты вельмі творча падышлі да заключнай канферэнцыі, падрыхтаваўшы цікавыя камп’ютарныя прэзентацыі і відэафільмы. Прадставілі сваё бачанне практыкі ўсе групы студэнтаў, а іх было 6. Прэзентацыі былі цікавымі, крэатыўнымі, і кожная нечым уразіла, а таму пераможцамі палічылі ўсіх. У сваіх выступленнях студэнты зазначылі, што праца настаўніка вельмі складаная і патрабуе грунтоўнай прафесійнай падрыхтоўкі, і выказалі ўпэўненасць, што правільна выбралі будучую прафесію.
З.У. Шведава