МІЖНАРОДНЫ НАВУКОВЫ ФОРУМ
Імя народнага пісьменніка Беларусі акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі (1925-2006) займае годнае месца ў гісторыі нацыянальнай літаратуры і культуры. Памяць пра ўдзельніка партызанскага руху і франтавіка, заслужанага дзеяча навукі, старшыню Вярхоўнага савета БССР (1985-1990), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалера пяці ордэнаў захоўваецца і на яго радзіме.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны сумесна з Гомельскім філіялам НАН Беларусі у кастрычніку 2016 года правялі чарговыя Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя памяці Івана Навуменкі.
I. Я. Навуменка – асоба шматгранная: пісьменнік, вучоны, педагог, аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых манаграфій, зборнікаў крытычных артыкулаў.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя з Украіны, Польшчы, Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі.
Пастаяннымі удзельнікамамі канферэнцыі з’яўляюцца Гун-Брыт Колер, прафесар, загадчык кафедры славянскіх літаратур Ольдэнбургскага ўніверсітэта (Германія), а таксама прафесар Лонданскага ўніверсітэта, аўтар грунтоўных манаграфій па беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. Прафесар Гун-Брыт Колер і прафесар Арнольд Макмілін выступілі з дакладамі па-беларуску, што для прысутных на пленарных паседжаннях студэнтаў стала моцным выхаваўчым аргументам.
Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя 7 тома збору твораў І. Навуменкі.
Анжэла Мельнікава,
дацэнт кафедры беларускай літаратуры