Навуковая сустрэча
18 мая 2018 года адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблема вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”.
Арганізатарамі Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблема вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час” сталі: установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф.Скарыны, філалагічны факультэт і кафедра беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны.
Аб адкрыцці канферэнцыі ў прысутнасці ўдзельнікаў, гасцей, студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў нашай і многіх іншых вну Беларусі, Расіі і Украіны ўрачыста абвясціў прарэктар установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” д.ф.н. прафесар А.М. Дземідзенка. Алег Міхайлавіч пажадаў навкоўцам плённых творчых пошукаў і дасягненняў.
Загадчык кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта кандыдат філалагічных навук дацэнт Алена Мікалаеўна Воінава пазнаёміла шаноўную аўдыторыю з беларускімі і замежнымі ўдзельнікамі форуму.
Пленарнае пасяджэнне адкрыла кіраўнік Навукова-даследчага інстытута гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны доктар філалагічных навук прафесар кафедры Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч. Аляксандра Аляксандраўна расказала аб ідэі і гісторыі правядзення канферэнцый, прысвечаных традыцыям матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся, аб асаблівасцях правядзення кожнага з папярэдніх навуковых мерапрыемстваў, а таксама аб дзейнасці і навуковых праектаў Навукова-даследчага інстытута гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны.
На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады вядомых і аўтарытэтных навукоўцаў Беларусі і Украіны:
«Маладік маладой, ти на нєбє свєтой…»: Місяць у знаннях та віруваннях жителів Східного Полісся – Васяновіч Аляксандр Аляксандравіч, к. гіст. н., намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага навуковага цэнтру захавання культурнай спадчыны ад тэхнагенных катастроф (Кіеў, Украіна);
Фразеалагізмы з кампанентам каўнер – рэпрэзентанты касцюмна-рэчавага кода культуры беларусаў – Ляшчынская Вольга Аляксееўна, д. філал. н., прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”;
Гуманистические императивы творчества В. Быкова, О. Гончара и Г. Бёлля – Рамашчанка Людміла Іванаўна, д. філал. н., прафесар, прафесар кафедры ўкраінскай літаратуры і кампаратывістыкі Чаркаскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Багдана Хмяльніцкага (Чаркасы, Украіна)
Метадалагічныя праблемы параўнальнага вывучэння ўсходнеславянскіх тэрмінаграфічных традыцый – Шчэрбiн Вячаслаў Канстанцінавіч, к. філал.н., вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі (Мінск, Беларусь);
Обрядовые действия с хлебной дежой в Чистый четверг на Полесье: география распространения – Кавальчук Надзея Анатольеўна, к. гістар. н., вучоны сакратар Дзяржаўнага навуковага цэнтру захавання культурнай спадчыны ад тэхнагенных катастроф (Кіеў, Украіна);
Вобраз вадзяніка ў міфалагічнай прозе Гомельска-Бранскага памежжа: этналінгвістычны аналіз – Станкевіч Аляксандра Аляксандраўна, д. філал. н., прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” (Гомель, Беларусь);
Доступна освіта для філологів: масові відкриті онлайн курси –Шарова Таццяна Міхайлаўна, к. філал. н., дацэнт, загадчык кафедры ўкраінскай і замежнай літаратуры Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага (Мелітопаль, Украіна).
Усе даклады адрозніваліся актуальнасцю і навізной агучаных высноў даследаванняў навукоўцаў і атрымалі заслужаную павышаную ўвагу прысутных на пленарным пасяджэнні гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі, выкладчыкаў і студэнтаў ГДУ імя Ф. Скарыны, цікаўных славянскімі народнымі традыцыямі, культурнымі сувязямі славянскіх народаў, фальклорам і мовамі славян.
Пасля перапынку работу канферэнцыі працягнулі навуковыя секцыі:
“Гісторыя і культура Усходняга Палесся: народныя звычаі і абрады”;
“Вусная народна-паэтычная творчасць”;
“Мова фальклору”;
“Актуальныя праблемы лінгвістыкі”;
“Актуальныя праблемы літаратуразнаўства”.
У секцыйных пасяджэннях, акрамя ўдзельнікаў канферэнцыі, прадстаўнікоў розных вну Украіны і Расіі, прынялі ўдзел многія выкладчыкі нашай вну. На круглых сталах секцый розныя пакаленні мовазнаўцаў, фалькларыстаў, літаратуразнаўцаў дзяліліся вынікамі ўласных навуковых даследаванняў, прысвечаных мовам, літаратурам, фальклору і народным традыцыям славянскіх народаў. Асаблівую радасць арганізатараў мерапрыемства выклікаў актыўны ўдзел у ім маладых даследчыкаў – аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў не толькі нашай вну, але і іншых вну краіны і замежжа.
Праведзеная навуковая канферэнцыя яшчэ раз паказала неабходнасць падобных сустрэч навукоўцаў з розных краін, падчас якіх яны могуць абмяняцца вынікамі даследаванняў, абмеркаваць будучыя навуковыя праекты, атрымаць асалоду ад навукі. І таму спадзяемся, што традыцыі “Традыцый…” будуць працягвацца і надалей…