Незвычайная сустрэча



12 мая 2017 г. на філалагічным факультэце прафесарам кафедры беларускай мовы В.А. Ляшчынскай была арганізавана незвычайная сустрэча. У госці да студэнтаў-філолагаў была запрошана вучаніца 5 класа СШ № 19 горада Гомеля Казлоўская Лаліта і настаўніца беларускай мовы і літаратуры  гэтай школы Г.У. Канцавая, былая студэнтка нашага факультэта. 

Казлоўская Лаліта выступіла перад аўдыторыяй як ранні, а не толькі малады даследчык, як аўтар навуковага праекта “Наша спадчына – беларуская батлейка”. Дзяўчынка гучна,  прыгожа, на добрай беларускай мове без заглядвання ў тэкст работы расказала, як упершыню ўбачыла спектакль у лялечным тэатры, як адшуквала звесткі пра канструкцыю-тэатр, як даведалася пра батлейку, захапілася гэтай тэмай яшчэ ў пачатковай школе, як уразіла яе гэтае відовішча, як пачала цікавіцца гісторыяй батлейкі. Але асабліва захацелася мець батлейку і быць самой акторкай. І яе падтрымалі найперш бацька, які змайстраваў аснову-канструкцыю батлеечнага тэатра, і маці, якая дапамагала шыць касцюмы для лялек і падключыла да гэтай работы амаль усіх дзяўчынак-аднакласніц Лаліты. Так нарадзілася агульная справа, якая ўсіх захапіла. А яшчэ Лаліта прадставіла адну пастаноўку з яе ўжо немалога рэпертуара тэатра  батлейкі  – “Цар Ірад”, дзе ўсе ролі лялек выконвала яна адна. Выступіла і настаўніца, якая дапамагала ў афармленні навуковага праекта (дарэчы, Казлоўская Лаліта па выніках Адкрытай навуковай канферэнцыі “Свабодны выбар”, якая адбылася 25 сакавіка 2017 г. на базе гімназіі № 10 г. Гомеля, стала пераможцай), курыруе навуковую работу Лаліты і расказала пра гэтую незвычайна захопленую, адораную дзяўчынку.

Для студэнтаў і ўсіх прысутных было цікава, пазнавальна і здзіўляльна. Студэнты даведаліся пра гісторыю батлейкі, яе распаўсюджанасць у мінулым і захаванні рэшткаў сёння, пачулі пра этымалогію слоў, паглядзелі спектакль аднаго акцёра ў многіх ролях.

                                                                            Шведава З.У. 

 









2011 Незвычайная сустрэча. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates