Да 30-годдзя прысваення ГДУ імя Францыска Скарыны
29 лістапада 2018 года кафедра беларускай мовы правяла Круглы стол, прысвечаны 30-годдзю прысваення Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны.
Распачала ўрачыстае мерапрыемства загадчык кафедры к.ф.н. дацэнт Алена Мікалаеўна Воінава.
На гэтым мерапрыемстве ўшанавалі памяць доктара філалагічных навук прафесара Уладзіміра Васільевіча Анічэнкі, як прыклаў многа намаганняў, каб наша навучальная ўстанова насіла імя сусветна вядомага першадрукара, асветніка, гуманіста. З прамовай “Памяці вучонага, настаўніка, калегі” выступіла Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч. Яна падрабязна расказала прысутным пра жыццёвы і навуковы шлях Уладзіміра Васільевіча.
Імя У.В. Анічэнкі добра вядома не толькі ў беларускім мовазнаўстве, але і ва ўсім славістычным свеце. Ён аўтар каля 250 навуковых і вучэбна-метадычных прац. Важнае месца ў навуковай дзейнасці Уладзіміра Васільевіча займала вывучэнне творчай спадчыны нашага першадрукара, вызначэнне лексічнага багацця выданняў Францыска Скарыны, яго ўкладу ў станаўленне літаратурнай мовы беларускага народа. “Слоўнік мовы Скарыны”, выдадзены У.В. Анічэнкам, з’явіўся грунтоўнай працай па гістарычнай лексікалогіі і паклаў пачатак серыі аўтарскіх лексікаграфічных прац. Плённае вывучэнне творчай спадчыны нашага славутага асветніка, стварэнне навуковай скарыназнаўчай школы, актыўная папулярызацыя асветніцкай дзейнасці слаўнага сына беларускага народа ў студэнцкім асяроддзі абумовілі ініцыятыву кіраўніцтва аб прысваенні ў 1988 г. нашай навучальнай установе высокага імя Францыска Скарыны. З гэтага часу наш універсітэт стаў цэнтрам збору і вывучэння скарыназнаўчых матэрыялаў. За цыкл прац “Лінгвістычная Скарыніяна” ў 1988г. У.В. Анічэнка быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР у галіне навукі. У 1993 г. з ініцыятывы У.В.Анічэнкі пры ГДУ быў створаны музей-лабараторыя Францыска Скарыны. У апошнія гады свайго жыцця У.В. Анічэнка займаўся падрыхтоўкай да выдання рукапісу “Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка”, які, на жаль, не быў апублікаваны. За вялікі ўклад у развіццё Скарыніяны, за падрыхтоўку гэтага слоўніка Уладзімір Васільевіч быў удастоены ганаровай царкоўнай узнагароды – “Крыж Сергія Раданежскага”.
Студэнты групы БФ-21, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве, чыталі вершы беларускіх паэтаў. прысвечаныя Францыску Скарыну.