Дыялекталагічная практыка – 2014
У адпаведнасці з вучэбным планам з 7 па 19 ліпеня 2014 года, на самай макушцы лета, у студэнтаў філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Беларуская філалогія” ўстановы адукацыі “ГДУ імя Ф. Скарыны” праходзіла дыялекталагічная практыка.
У гэтым годзе будучыя выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, спецыялісты па камп’ютарным забеспячэнні, а таксама супрацоўнікі газет і часопісаў праходзілі знаёмства з асаблівасці гаворак у населеных пунктах Буда-Кашалёўскага, Добрушскага і Гомельскага раёнаў.
Дыялекталагічная практыка спрыяе замацаванню ведаў, набытых на лекцыйных і практычных занятках па дыялекталогіі. Такая форма працы з’яўляецца вельмі важнай часткай вучэбнага працэсу пры падрыхтоўцы спецыялістаў-філолагаў. Асаблівасць яе правядзення заключаецца ў тым, што ў студэнтаў з’яўляецца магчымасць замацаваць практычна атрыманыя тэарэтычныя веды, набыць навыкі збіральніцкай і апрацоўчай работы.
Установачная канферэнцыя па дыялекталагічнай практыцы адбывалася 7 ліпеня 2014 года. Падчас канферэнцыя адбылася кансультацыя са студэнтамі, у час якой загадчык кафедры беларускай мовы Ермакова Алена Мікалаеўна растлумачыла мэты і задачы дыялекталагічнай практыкі, паведаміла студэнтам тэму і заданні па зборы фактычнага матэрыялу. Таксама быў зроблены інструктаж па тэхніцы бяспекі. Студэнты азнаёміліся з узорамі справаздачнай дакументацыі па тэме, з патрабаваннямі да афармлення лексічнага матэрыялу для дыялекталагічнага архіва.
Кіраўнікі практыкі – выкладчыкі кафедры беларускай мовы Дземідзенка Л. П., Кузьміч Л. П., Мінакова Л. М., Хазанава К. Л. – расказалі аб адметнасцях запаўнення картак з сабраным моўным матэрыялам і адзначылі пра неабходнасць захавання адметнасцей мясцовага вымаўлення ў працэсе фіксацыі сабранага дыялектнага матэрыялу на картках. Была звернута ўвага на тое, што неабходна і вельмі важна запісваць этнаграфічны матэрыял правільна, з захаваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі, указваць пры кожнай адзінцы яе граматычныя прыкметы і лексічнае значэнне, прыводзіць кожную лексікаадзінку ў кантэксце, дакладна ўказваць іншыя дадзеныя: крыніцу моўных адзінак, кім запісана. Разам з тым асобную ўвагу студэнты павінны звярнуць на занатоўванне фактычнага матэрыялу ў электронным выглядзе. Фактычны матэрыял пры гэтым павінен суправаджацца фотаматэрыяламі. Увесь сабраны матэрыял афармляецца і здаецца ў друкаваным і электронным выглядзе, да гэтага дадаюцца рукапісныя чарнавыя запісы студэнтаў.
Дыялекталагічная практыка пачалася 8 ліпеня 2014 года. На працягу першага тыдня практыкі, з 08.07.2014 па 11.07.2014, адбываўся збор фактычнага матэрыялу. Студэнты адпаведна атрыманаму імі заданню збіралі моўны матэрыял па лексіка-тэматычных групах: “Каляндарна-абрадавая лексіка”, “Сямейна-абрадавая лексіка”, “Назвы роднасці і сваяцтва”.
З мэтай збору фактычнага матэрыялу студэнтамі праводзілася апытванне мясцовых жыхароў аб вядомых ім звычаях і святах, якія праводзяцца і адзначаюцца ў вёсках, аб традыцыйных абрадах, што захоўваюцца ў наш час. Асобная ўвага звярталася на найменні асоб-удзельнікаў абрадаў, назвы страў і напояў, а таксама прадметаў і дзеянняў, якія адбываюцца і ўжываюцца ў час святаў каляндарна-абрадавага і сямейна-абрадавага цыклаў. У сферу навуковых інтарэсаў студэнтаў-практыкантаў трапіла назвы роднасці і сваяцтва. Цікавіліся будучыя настаўнікі-філолагі і будаўнічай лексікай, найменнямі сядзібных будынкаў, гаспадарчых пабудоў, часткамі хаты і іншых памяшканняў. Асобую зацікаўленасць студэнтаў выклікала гісторыі ўзнікнення наведаных вёсак, а таксама этымалогія тапонімаў і гідронімаў.
Студэнты з цікавасцю размаўлялі з жыхарамі ўказаных населеных пунктаў. Большасць жыхароў добразычліва ставілася да дыялекталагічнай экспедыцыі. Людзі імкнуліся ўспомніць вядомыя ім звесткі і ахвотна паведамлялі гэта студэнтам. Некаторыя студэнты запісвалі звесткі ў сшыткі, іншыя – карысталіся дыктафонамі.
У выніку праведзенага збору моўнага матэрыялу была атрымана цікавая і карысная інфармацыя для будучых навуковых даследаванняў, адзначаны і зафіксаваны шматлікія лексемы, сярод якіх выдзяляюцца:
назвы асоб паводле роднасці і сваяцтва, лексемы, звязаныя з асобнымі абрадамі сямейнага цыклу (свацьба, сваты, хрэсьбіны, памінкі, куцця),
найменні звычаяў і святаў, звязаных з рэлігійным (Паска, Раждзество, Купалье, Троіца) і сельскагаспадарчым (касавіца, уборка ўраджаю) календаром, назвы частак хаты (перэдняя хата).
Студэнты адзначылі асаблівасці мясцовага вымаўлення, агульныя рысы і адрозненні ў абрадах у розных вёсках, не вельмі аддаленых адна ад адной. У маўленні жыхароў наведаных вёсак Гомельскага раёна неабходна адзначыць ўплыў рускай мовы, выкліканы беларуска-рускім білінгвізмам сучаснага штодзённага жыцця.
Студэнты ўважліва прасочвалі моўныя асаблівасці наведаных вёсак і праводзілі параўнанне з маўленнем, якое адзначаецца ў родных вёсках студэнтаў. У першую чаргу гэта, натуральна, адносіцца да студэнтаў з іншых раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама з іншых абласцей Беларусі.
Вялікую выхаваўчую накіраванасць мела наведанне студэнтамі краязнаўчага музея вёскі Пакалюбічы, у якім былі вывучаны тры выставы: кампазіцыя, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў, выстава рушнікоў і абрусаў, вышытых і звязаных жыхаркамі вёскі сёстрамі Кавалёвамі, а таксама пакой-скансен “Белаурская хатка”, дзе намаганнямі супрацоўнікаў музея, а таксама жыхароў вёскі створана аўтэнтычныя абставіны беларускага традыцыйнага жылля.
У вёсцы Раманавічы студэнты наведалі музей населенага пункта, размешчаны ў школе. Тут, акрамя гісторыі вёскі, поўна была прадстаўлена экспазіцыя да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў, у якую ўвайшлі рэчы ваенных гадоў: тагачаснае вайсковае адзенне, лісты з фронта, рэчы салдат.
На працягу другога тыдня дыялекталагічнай практыкі, з 12.07.2014 па 19.07.2014 адбывалася сістэматызацыя сабранага моўнага матэрыялу, фіксацыя яго на карткі, афармленне справаздачнай дакументацыі, што праходзіла ў лінгвістычнай лабараторыі кафедры беларускай мовы УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”. Студэнты паспяхова аформілі сабраны моўны матэрыял, сістэматызавалі і зрабілі яго класіфікацыю па семантычных групах. У выніку ўказанай работы значна папоўнілася картатэка дыялектнага матэрыялу кафедры беларускай мовы.
Студэнты атрымалі добрыя ўражанні ад дыялекталагічнай практыкі, набылі новыя звесткі, якія дапамогуць ім у будучай вучобе і магчымай будучай навуковай дзейнасці.
Хазанава К. Л.