Не згасае святло Скарынавых iдэй
14 лістапада 2014 года кафедра беларускай мовы ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” і Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны ладзілі Міжнародную навуковую канферэнцыю “Святло Скарынавых ідэй”. Сустрэча навукоўцаў Беларусі, Расіі і Украіны была прысвечана прысвечаную 90-годдзю з дня нараджэння прафесара доктара філалагічных навук Уладзіміра Васільевіча Анічэнкі (1924-2001).
З 1970 г. жыццё і навуковая дзейнасць Уладзіміра Васільевіча непарыўна звязана з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам, з кафедрай беларускай мовы. Даследчык узначальваў кафедру на працягу многіх гадоў, а з1991 г. па2001 г. плённа працаваў прафесарам кафедры беларускай мовы і загадчыкам лінгвістычнай лабараторыі.
Творчай і навуковай энергіі У. В. Анічэнкі хапала на правядзенне рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый (“Рэгіянальныя традыцыі ва ўсходнеславянскіх мовах, літаратурах і фальклоры”; “Скарынаўскія чытанні”; “Скарына і наш час”;
“Пытанні нармалізацыі беларускай навуковай тэрміналогіі”; “Навуковыя чытанні, прысвечаныя С. Некрашэвічу”;
“Перспектывы развіцця і функцыянавання нарматыўнай лексікі”), падрыхтоўку зборнікаў навуковых артыкулаў “Беларуская мова і мовазнаўства” (пазней “Беларуская мова”),
стварэнне пры кафедры беларускай мовы аспірантуры па спецыяльнасці 10.02.01 “Беларуская мова” і Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый К.02.12.03.
За 30 гадоў навукова-педагагічнай дзейнасці ў ГДУ доктар філалагічных навук прафесар У. В. Анічэнка стварыў грунтоўную школу вучоных – кваліфікаваных спецыялістаў у галіне беларускага мовазнаўства. Аспіранты У. В. Анічэнкі абаранілі 25 кандыдацкіх і 1 доктарскую дысертацыі. Прыемна адзначыць, што 14 з узгаданых даследчыкаў у цяперашні час займаюць пасады дацэнтаў нашай кафедры.
У. В. Анічэнка – чалавек-эпоха, асоба, жыццё якой напоўнена падзеямі як трагічнымі, змрочнымі, так і светлымі, шчаслівымі. Постаць выдатная і неадназначная. Жорсткі і патрабавальны кіраўнік, строгі і прынцыповы загадчык, “максімаліст” унутры кафедры – і “родны бацька” для ўсіх нас, які абароніць і падтрымае за межамі кафедры.
Выключна энергічны, актыўны, дзейны, таленавіты арганізатар, аптымістычны і жыццярадасны чалавек, ён пражыў жыццё змястоўнае, цікавае, насычанае падзеямі і здарэннямі, напоўненае пошукамі і знаходкамі. Лепшае пацверджанне гэтаму – яго справы, якія ён нам перадаў: калектыў створанай ім кафедры беларускай мовы, якая па праву лічыцца адной з самых моцных па навуковаму патэнцыялу ва ўніверсітэце.
Зразумела, што асноўныя арганізатары сёлетняй скарынаўскай канферэнцыі – прафесарска-выкладчыцкі састаў кафедры беларускай мовы – не маглі абмінуць увагай юбілей настаўніка і накірункамі работы навуковага форуму “Святло Скарынавых ідэй” сталі перш за ўсё не толькі даследаванні эпохі і спраў Ф. Скарыны, але і роля прафесара У. В. Анічэнкі ў развіцці беларускай лінгвістыкі.
Распачаў работу навуковага форуму першы прарэктар установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” к.фіз.-мат.н. дацэнт Сяргей Анатольевіч Хахомаў, які прывітаў удзельнікаў мерапрыемства ад імя рэктарата і пажадаў навукоўцам плённай працы.
Падчас адкрыцця канферэнцыі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільных выданняў кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ў дар Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, у якой прыняў удзел намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (Мінск), кандыдат культуралогіі Алесь.
Цікавасць выклікала і іншыя выступленні на пленарным пасяджэнні. Прафесар кафедры беларускай мовы д.ф.н., першая аспірантка Уладзіміра Васільевіча, Аляксандра Аляксандраўна Станкевіч, нагадала аб асноўных перыядах жыцця і навуковай дзейнасці Уладзіміра Васільевіча.
Нашу кафедру на пленарным пасяджэнні прадставіла і Вольга Аляксееўна Ляшчынская.
Абмеркаваныя на канферэнцыі пытанні ахоплівалі накірункі навуковых даследаванняў У. В. Анічэнкі: народныя абрады і мова фальклору, гісторыя мовы і дыялекталогія, лексікалогія і фразеалогія, стылістыка і сацыялінгвістыка, міжмоўная камунікацыя і моўныя кантакты, літаратуразнаўства.
У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны, многія з якіх былі вучнямі прафесара У. В. Анічэнкі або ведалі яго і яго навуковыя працы. Госці канферэнцыі з Расіі, Украіны, іншых навуковых устаноў наша краіны былі ўражаны добразычлівай і гасціннай атмасферай, традыцыйна характэрнай для навуковых мерапрыемстваў, што ладзіць наша кафедра.
Падчас канферэнцыі вучні, калегі, паслядоўнікі Уладзіміра Васільевіча аддалі даніну памяці прафесара, наведаўшы могілкі, дзе ён быў пахаваны, усклалі кветкі каля помніка навуковага настаўніка.
Заўсёды ў імклівым руху, у пошуку. У гэтым імклівым бегу была яго неспатоленая прага жыцця, заўсёдная ўлюбёнасць у працу, адданасць сваёй справе. Ён і пайшоў ад нас, як і жыў, імкліва, на бягу.
Чалавек пакідае пасля сябе не толькі фізічную, але і духоўную спадчыну. Сыны і ўнукі, а неўзабаве, відаць, і праўнукі будуць працягваць мнагалюдны працавіты род Анічэнкаў, а працы і вучні яго памножаць духоўную спадчыну, не дадуць згаснуць агеньчыку добрай, светлай памяці аб ім.
Дэкан філалагічнага факультэта к.ф.н. дацэнт Бобрык У.А. і
загадчык кафедры беларускай мовы к.ф.н. дацэнт Ермакова А.М.
Старэйшы сын прафесара У.В. Анічэнкі (па сярэдзіне), вучні прафесара:
дэкан філалагічнага факультэта к.ф.н. дацэнт Бобрык У.А., ,
дацэнт кафедры беларускай мовы к.ф.н. Парукаў А.А.
Удзельнікі канферэнцыі загадчык кафедры беларускага мовазнаўства
Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна”
д.ф.н. прафесар Васіль Васільевіч Шур і
загачык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства
д.ф.н. прафесар Коваль У.І.
Удзельнікі канферэнцыі: намеснік дэкана філалагічнага факультэта
к.ф.н. дацэнт Палуян А.М. і
д.ф.н. прафесар кафедры беларускай мовы Ляшчынска В.А.
А.А. Станкевіч, К.Л. Хазанава