Гучыць слова пра Купалу
На ІУ курсе філалагічнага факультэта спец. “Беларуская філалогія” адбылася прэзентацыя “Слоўніка мовы Янкі Купалы” у 8 тт. У прэзентацыі прынялі ўдзел складальнікі слоўніка У.А. Бобрык, В.А. Ляшчынская, А.А. Станкевіч. Яны расказалі, як складаўся і выдаваўся слоўнік.
Янка Купала, глыбока нацыянальны паэт, узяўшы за аснову жывыя народныя гаворкі і вусную народную творчасць, у сваіх творах прадэманставаў узоры нацыянальнай літаратурнай мовы, зацвердзіў правілы і прынцыпы яе выкарыстання.
У 80-х гг. перад беларускімі лексікографамі паўстала задача – стварыць слоўнікі мовы класікаў нашай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа. Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі прыступіў да складаннем слоўніка мовы Якуба Коласа, а кафедры беларускай мовы і лінгвістычнай лабараторыі ГДУ імя Ф. Скарыны даручыў складанне слоўніка мовы Янкі Купалы, работа над якім пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры прафесара У.В. Анічэнкі пачалася ў 1975 г. Слоўнік выдаваўся 3 1997 па 2012 гг.
Гэта была доўгая і карпатлівая праца, якая ўключала складанне і сістэматызацыю спецыяльнай картатэкі мовы твораў Я. Купалы, напісанне слоўнікавых артыкулаў, рэдагаванне матэрыялаў, кампаноўку тамоў і г.д.
Купалаўскі слоўнік – гэта ўнікальнае ў беларускай лексікаграфіі выданне, у якім пададзена вычарпальная характарыстыка слоў з літаратурна-мастацкіх твораў класіка беларускай літаратуры і паказана роля Купалы ў гісторыі развіцця беларускай літаратурнай мовы. Укладальнікі слоўніка ставілі на мэце не толькі зафіксаваць лексічны матэрыял купалаўскіх твораў, але і паказаць частотнасць выкарыстання аўтарам кожнай слоўнікавай адзінкі, вызначыць яе граматычную характарыстыку, акрэсліць семантычны аб’ём, указаць адметнасці аўтарскага словаўжывання, раскрыць функцыі і стылістычную ролю ў кантэксце твораў паэта, адлюстраваць парадыгму формаўтварэння кожнай лексічнай адзінкі, адзначыць варыянтныя і сінанімічныя формы, праілюстраваць сказанае тыповымі прыкладамі з твораў Купалы. Вывучэнне мовы творчасці Янкі Купалы мае выключна важнае значэнне для асэнсавання яго ролі ў гісторыі развіцця беларускай літаратурнай мовы, дазваляе вызначыць і пераканаўча паказаць, якія лексіка-семантычныя і структурныя кампаненты купалавага слова сталі набыткам сучаснай беларускай мовы і што змянілася ў яе слоўніку за мінулы перыяд.
У аснову СМЯК быў пакладзены комплексны падыход да апісання слоўнікавага складу мовы пісьменніка. З пункту гледжання сучаснай лексікаграфіі слоўнік з’яўляецца даволі складанай па сваёй унутранай будове даведачнай працай. 1-5 тамы складаюць тлумачальны слоўнік апелятыўнай лексікі з сямітомнага збору твораў Я. Купалы, 6 том – тлумачальна-энцыклапедычны слоўнік анамастычнай лексікі з сямітомнага збору твораў Купалы, 7 том уключае апелятыўную лексіку з твораў Купалы, якія ў свой час не трапілі ў сямітомнае выданне, 8 том змяшчае анамастычную лексіку з гэтых жа твораў паэта.
Агульны выдавецкі аб’ём гэтага слоўніка складае 3715 кніжных старонак, і адпаведна 31820 слоўнікавых артыкулаў трох тыпаў (самастойнага, адсылачнага і параўнальнага).
Асноўны касцяк аўтараў – У.В. Анічэнка, У.А. Бобрык, В.А. Ляшчынская, А.А. Парукаў, А.А. Станкевіч, З.А. Рудакоўская, якія ўдзельнічалі ў складанні практычна ўсіх васьмі тамоў СМЯК. Акрамя асноўных аўтараў слоўнікавых артыкулаў, у працы над СМЯК бралі ўдзел і іншыя выкладчыкі і лабаранты кафедры беларускай мовы, супрацоўнікі лінгвістычнай лабараторыі: Н.А. Багамольнікава, С.А. Закаўраш, Н.М. Іванешка, В.А. Кісялёва, С.А. Лін, А.Л. Мацюшкіна, Л.М. Мінакова, А.П. Назаранка, В.Н. Рак, Р.У. Серыкаў, В.А. Скачкова, С.М. Струкава, І.В. Шаройкіна, Л.М. Юрчанка, Л.Р. Якаўлева, В.І. Яцухна .
Купалаўская тэма стала знакавай для нашай кафедры. У розныя гады былі абаронены 4 кандыдацкія (У.А. Бобрыкам, Р.У. Серыкавым, К.Л. Хазанавай і В.А. Скачковай) 1 доктарская (В.А. Ляшчынскай) дысертацыі, прысвечаныя даследаванню розных моўных аспектаў творчай спадчыны Янкі Купалы. Па Купалаўскай тэме былі выдадзены манаграфіі і аспектныя слоўнікі В.А. Ляшчынскай і З.У. Шведавай.
А.А. Станкевіч