Пяты абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”

         25 красавіка 2015 года ў пяты раз адбыўся абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў 8 – 10 класаў школ г. Гомеля і Гомельскай вобласці. Конкурс праходзіў на базе ДУА “Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа”, якая гасцінна сустракала выставай творчых работ вучняў гімназіі, цікава арганізавала адкрыццё конкурсу і  была на ўсім працягу конкурсу ўважлівай і шчырай да сваіх гасцей. Удзел у конкурсе ўзялі вучні з усіх раёнаў Гомельскай вобласці, адабраны на раённым этапе.

У якасці членаў журы былі запрошаны выкладчыкі філалагічнага факультэта: з кафедры беларускай мовы праф. В.А. Ляшчынская, дац. Н.А. Багамольнікава, дац. Мінакова Л.М., дац. Паплаўная Л.В., дац. Шведава З.У. Старшынёй конкурсу абрана прафесар кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар – В.А. Ляшчынская.

         Конкурс праходзіў у два этапы: 1-ы – мультымедыйнае эсэ як хатняе заданне, што складалася з вуснага выступлення вучня на агульную тэму, напрыклад, для вучняў 10 класа – “Жыццё – гэта падарожжа”, у  суправаджэнні прэзентацыі. Выступленне кожнага вучня са сваім эсе суправаджалася пытаннямі, якія задавалі вучні па чарзе, і такім чынам усе ацэньваліся за змест і форму выступлення, актуальнасць і арыгінальнасць прэзентацыі і ўменне задаваць пытанні і адказваць на іх.

 

         А  2-і  этап – вуснае выказванне-экспромт на адну з прапанаваных у білетах тэму, што сфармуляваны, як правіла, паэтычнымі радкамі майстроў беларускага слова.

          На гэты раз удзельнікі конкурсу парадавалі высокім узроўнем падрыхтоўкі хатняга задання, але асабліва ўразілі ўменнем задаваць пытанні, правільна афармляць думку і выказваць сваю пазіцыю ў адказах. Што датычыць другога этапа, то тут адзначаецца няўменне будаваць звязанае выказванне ў выглядзе тэксту і не заўсёды аэнсаванне зместу тэмы.

         Правядзенне конкурсу рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў старэйшых класаў Гомельскай вобласці і горада Гомеля спрыяе не толькі выпрацоўцы ўменняў і навыкаў вуснага выказвання, умення творча падысці да перадачы тэмы ў зрокавым успрыманні, але, што асабліва важна, развіццю камунікацыйнай кампетэнцыі вучняў.

 













2011 Пяты абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” . Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates