“Дзень адчыненых дзвярэй” - 2016

26 сакавіка 2016 года ў рамках універсітэцкай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй” на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з выпускнікамі школ, зацікаўленымі ў паступленні на філалагічны факультэт. На сустрэчы прысутнічала каля 20 вучняў са школ г. Гомеля (СШ № 13, 22, 24, 38) і вобласці (Чачэрск, Лоеў, Рэчыца), некаторыя вучні прыехалі з бацькамі. Дзяцей цікавілі пытанні паступлення, пражывання, спецыфікі накірункаў кожнай спецыяльнасці, магчымасці авалодання іншымі мовамі, працэсу навучання ў цэлым, размеркавання і інш. З рэкламай факультэта і адказамі на пастаўленыя пытанні выступілі: дэкан факультэта У.А. Бобрык, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце А.М. Палуян, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце З.У. Шведава, загадчыкі кафедраў.

Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта.  Вучняў правялі па ўсіх кафедрах, пазнаёмілі са складам выкладчыкаў. Затым вучні наведалі музеі факультэта і выслухалі цікавую і змястоўную інфармацыю.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры прафесар І. Ф. Штэйнер правёў экскурсію вучняў у музеі “Alma-mater”, дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры дацэнт І. М. Афанасьеў сустрэў вучняў у літаратурна-асветніцкім цэнтры памяці аб Вялікай Айчыннай вайне “Патрыётыка”, дзе асаблівае ўражанне на вучняў аказаў расказ І. М. Афанасьева аб захаванні памяці пра герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай   вайны, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі Гомельскай вобласці, і заклікаў збіраць, запісваць успаміны сваіх блізкіх аб падзеях мінулай вайны.

Загадчык кафедры беларускай мовы дацэнт А. М. Ермакова расказала аб гісторыі кафедры, аб выкладчыках і іх дасягненнях, прадэманстравала выставу манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, падрыхтаваных за перыяд існавання кафедры, узгадала пра першага загадчыка кафедры ўніверсітэта, дзякуючы ініцыятыве якога ўніверсітэту было прысвоена імя Францыска Скарыны.

Загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі прафесар В. С. Новак пазнаёміла вучняў з вывучэннем гісторыі культуры Гомельшчыны і ўкладу ўраджэнцаў Гомельшчыны ў развіццё айчыннай і сусветнай навукі, рэгіянальна-лакальнае даследаванне фальклору Гомельшчыны, Гомельска-Бранска-Чарнігаўскага памежжа, праблем узаемадзеяння рознаэтнічных фальклорных традыцый, расказала аб удзеле членаў кафедры і студэнтаў у мерапрыемствах, прысвечаных вывучэнню народнай спадчыны.

Цікавую прэзентацыю факультэта падрыхтавала ініцыятыўная група студэнтаў групы БФ-32 у складзе Шукаловіч Алены і Целяпнёвай Анастасіі.

Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі.










2011 “Дзень адчыненых дзвярэй” - 2016. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates