Выхад новай книгі

 Шаноўныя сябры!

На кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі стала добрай традыцыяй распачатая пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры, доктара філалагічных навук, прафесара Валянціны Станіславаўны Новак работа па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў. Кніга “Гаючае слова роднай зямлі (беларускія лекавыя замовы)”, якая ўбачыла свет у выдавецтве БАРК напрыканцы 2013 года, – лагічны працяг гэтай работы. У выданні сабраны лепшыя ўзоры замоўнай творчасці беларусаў, запісаныя студэнтамі філалагічнага факультэта, супрацоўнікамі кафедры падчас палявых экспедыцый, якія штогод ладзяцца ў межах вучэбнай праграмы, а таксама індывідуальных запісаў.

Замовы заўсёды прыцягвалі да сябе ўвагу людзей сваёй магічнасцю, здольнасцю пасродкам слова і дзеяння ўплываць на пэўныя бакі жыцця і дзейнасці чалавека. А колькі таямнічасці ў самім абрадзе лекавання: “…Звычайная сялянская хата. “Чырвоны кут” з абразамі, у якіх адбіваецца святло лампады… Сур’ёзны і ў той жа час вельмі добры Святы Лік глядзіць на кожнага, хто пераступае парог гэтай хаты… З чым прыйшоў гэты чалавек: з дабром або са злом, або з тым, што набалела на душы, або з тым, ад чаго баліць цела… Насупраць весела патрэсквае дровамі печ, з якой, толькі не даглядзі, выскачыць гарэзлівы вугалёчак, не ведаючы, да чаго можа прывесці яго гарэзлівасць… Прыцішанае фіранкамі святло ў пакоі… Ласкавы і трапяткі агеньчык грамнічнай свячы… Старэнькая бабулька ў простым, але чыстым адзенні з амаль няўлоўным выразам занепакоенасці на твары… Малады прыгожы хлопец, твар якога не пашкадавала хвароба… Адзін уважлівы позірк, і дакладны дыягназ – вогнік… Ласкавым, але ўпэўненым рухам бабуля садзіць перад сабою хлопца…”.

“Гаючае слова роднай зямлі (беларускія лекавыя замовы)” пазнаёміць зацікаўленага чытача з замовамі ад розных хвароб, а таксама некаторымі каментарыямі да іх, дадзенымі нашымі шаноўнымі інфарматарамі. З пажаданнямі добрага здароўя і дабрабыту аўтар-укладальнік Святлана Вяргеенка.

 


Народная духоўная культура Лагойшчыны

Бласлаўлёнай зямлі неўміручыя скарбы.

Народная духоўная культура Лагойшчыны

 

 
   У снежні 2013 года выйшла з друку кніга “Бласлаўлёнай зямлі неўміручыя скарбы. Народная духоўная культура Лагойшчыны”, падрыхтаваная ў выніку выканання навуковага праекта “Сучасны стан духоўнай культуры Лагойшчыны: гістарычныя падзеі, знакамітыя асобы, абрады, звычаі і песні”.

  Зямля Лагойшчыны вылучаецца адметнымі самабытнымі абрадамі і звычаямі, цудоўнымі песнямі, непаўторнымі прыкметамі і павер’ямі, прыказкамі і прымаўкамі, легендамі і паданнямі, якія ўвабралі спаконвечную народную мудрасць.

     Студэнты і выкладчыкі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” ў праведзенай на тэрыторыі Лагойскага раёна экспедыцыі з вялікай адказнасцю далучыліся да высакароднай справы па зборы фальклорна-этнаграфічных з’яў, імкнучыся тым самым захаваць пераемнасць неўміручых традыцый духоўнай культуры.

      Выданне складаецца з трох кніг. Змест першай кнігі ўключае матэрыялы па гісторыі, канфесіях, тапаніміцы, асаблівасцях мясцовай гаворкі, ахарактарызавана Лагойшчына літаратурная, змешчаны звесткі пра жыццё і творчасць знакамітых людзей краю. Другая і трэцяя кнігі змяшчаюць архіўныя і экспедыцыйныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з захаваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі.

   Дадзенае выданне, безумоўна, знойдзе свайго ўдзячнага чытача, ўзбагаціць веды пра гістарычнае мінулае, сучасны стан традыцыйнай культуры Лагойшчыны, будзе карысным дапаможнікам для настаўнікаў і навучэнцаў і цудоўным падарункам для ўсіх тых, хто праяўляе цікавасць да сваёй малой радзімы.


2011 Навіны кафедры. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates