Шла сула да ўздоўж села…
28 лютага ў апошні каляндарны дзень зімы ў выставачнай зале ГДУ імя Францыска Скарыны ў рамках экспазіцыі “Маркаўскаму роду няма пераводу” адбылося цікавае мерапрыемства, прысвечанае абраду ваджэння сулы. Нагадаем, што гэту персанальную выставу падрыхтавалі брат і сястра Віктар і Вольга Шыпковы. Вольга — студэнтка трэцяга курса факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Ф. Скарыны, якая разам з братам на працягу дзесяці гадоў шукала і збірала каштоўныя экспанаты.
Сярод запрошаных гасцей былі загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Валянціна Станіславаўна Новак і загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пятро Міхайлавіч Цалка. Студэнты з цікавасцю слухалі іх паведамленні аб сутнасці рытуалаў, звязаных з абрадам ваджэння сулы, семантыцы ваджэння карагода вакол дзетак, якія павінны былі знаходзіцца ў цэнтры і якіх падкідвалі ўгору, што сімвалізавала ў мясцовай традыцыі ўраджайнасць і дабрабыт. Лакальную спецыфіку гэтага ўнікальнага абраду, які рыхтуецца для ўнясення ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, раскрыў Віктар Уладзіміравіч Шыпкоў, адзін з арганізатараў выставы.
Яніна Гулевіч
лабарант кафедры
беларускай культуры і
фалькларыстыкі