Дыялогавая пляцоўка “У вас мы вучымся цяплу і мудрасці душы”
Дзявятага кастрычніка бягучага года ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы г. Светлагорска прайшла дыялогавая пляцоўка “У вас мы вучымся цяплу і мудрасці душы”, дзе адбылася прэзентацыя кнігі “Светлыя далі роднага краю: народная духоўная культура Светлагорскага раёна”. Па запрашэнні дырэктара бібліятэкі В. С. Бусел удзел у названым мерапрыемстве прынялі В. С. Новак, доктар філалагічных навук, прафесар, і А. Д. Дакукін, выкладчык гімназіі 56.
Зборнік “Светлыя далі роднага краю” з’яўляецца чарговым выданнем серыі “Мая малая Радзіма” і адлюстроўвае інфармацыю пра мясцовую гісторыка-культурную спадчыну, фальклорна-этнаграфічныя звесткі, характарызуе моўнае багацце раёна і падае шматлікія краязнаўчыя матэрыялы.
Зборам і сістэматызацыяй дадзеных займаўся калектыў выкладчыкаў філалагічнага факультэта, супрацоўнікі ДУК “Светлагорская раённая сетка бібліятэк”, устаноў культуры Светлагоршчыны, газет “Светлагорскія навіны” і “Гомельская праўда” і інш.
На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Л. Ф. Вялічка, спецыялісты сеткі бібліятэк, журналісты, студэнцкая і працоўная моладзь, а таксама аматары традыцыйнай культуры.
Л. Ф. Вялічка падкрэсліла важнасць захавання гісторыка-культурнай спадчыны і заахвоціла часцей звяртацца да каштоўных набыткаў народа, якія застаюцца актуальнымі і ў наш час. В. С. Новак распавяла прысутным пра дзейнасць Навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі пры факультэце, асаблівасці збору фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу і падзялілася найбольш цікавымі прыкладамі фальклорных звестак, змешчаных у кнізе. А. Д. Дакукін паведаміў аб адметнасцях бытавання фальклору ў сучасных гарадскіх умовах і акрэсліў сферу практычнага прымянення матэрыялаў кнігі. Аўдыторыя з прыязнасцю і ўдзячнасцю слухала, задавала шматлікія пытанні. На дыялогавай пляцоўцы прагучала таксама прапанова да выкдадчыкаў факультэта прыняць удзел у падрыхтоўцы адмысловага зборніка, прысвечанага 65-годдзю Светлагорска, якое будзе адзначацца ўлетку наступнага года.
Багата ілюстраванае і змястоўнае выданне можна назваць сапраўдным падарункам для жыхароў горада і раёна. Ва ўступным слове прарэктар па навуковай рабоце УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” Д. Л. Каваленка адзначыў, што назва кнігі абумоўлена любоўю светлагорцаў да традыцый малой радзімы, павагай да мінулага, уменнем шанаваць набыткі продкаў. Сапраўды незгасальным унутраным святлом народнага мыслення напоўнены старонкі кнігі, прысвечаныя абрадам і звычаям, песням, прыкметам, павер'ям і іншым фальклорным жанрам. Гэтая своеасаблівая энцыклапедыя народнай мудрасці з’яўляецца выдатнай крыніцай фарміравання высокіх грамадзянскіх пачуццяў, выхавання любові і павагі да свайго народа, традыцый роднага краю.