Глыбоччыны духоўнасці глыбіні
У маі 2014 года выйшла кніга “Глыбоччыны духоўнасці глыбіні: народная духоўная культура Глыбоцкага раёна”. У выданне ўвайшлі фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя падчас фальклорных экспедыцый, уяўляе сабой комплекснае даследаванне фальклорна-этнаграфічнай спадчыны Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Змест кнігі складаюць матэрыялы архіваў ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”, Глыбоцкага раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра, Запрудскага Дома фальклору, Азярэцкага культурна-спартыўнага цэнтра, сельскага Дома культуры в. Гатаўшчына, фрагменты рукапіснай кнігі І.І. Волкава “Дыяменты родный мовы”. Прадстаўленыя ў кнізе архіўныя ўзоры вуснай народнай творчасці жыхароў Глыбоччыны ахопліваюць значны часавы перыяд.
Асноўныя матэрыялы выдання – гэта палявыя экспедыцыйныя запісы студэнтаў і выкладчыкаў УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, якім пашанцавала наведаць унікальныя па сваёй прыгажосці і багатыя на гістарычныя падзеі мясціны Глыбоцкага краю ўлетку 2011 года дзякуючы дапамозе адміністрацыі Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта. У фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі прымалі ўдзел выкладчыкі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры Новак Валянціна Станіславаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Кастрыца Алена Аляксандраўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вяргеенка Святлана Анатольеўна, а таксама студэнты філалагічнага факультэта Каранькова Таццяна, Смірнова Настасся, Яцушкевіч Ірына, Карпенка Ірына, Мароз Ірына, Цішкевіч Ніка, Сітдзікава Паліна, Шуткіна Яна, Бордак Юлія, Сабела Ганна, Дубень Ганна, Жлоба Таццяна, Зайцава Таццяна, Яроміч Ганна, Даніленка Святлана, Літоўчанка Алеся, Лучынская Аксана, Рачкова Надзея, Рабых Ганна, Сівакова Алеся, Талпінская Юлія, Чыграй Ганна, Чалаян Карына, Анішчанка Максім, Богдан Таццяна, Багдановіч Вікторыя, Бодрыкава Таццяна, Болсун Алена, Варановіч Паліна, Гром Рыгор, Дашук Вераніка, Дзегцярэнка Ніна, Язерская Ірына, Ефіменка Марына, Загальская Кацярына, Балбасава Аліна, Кірэева Анастасія, Кавалёва Вікторыя, Кавалёва Ірына, Каральчук Кацярына, Пастухова Таццяна, Федаровіч Таццяна, Курнова Марына.
Традыцыйная духоўная спадчына Глыбоччыны – гэта этнаграфічныя звесткі па розных абрадах і звычаях (каляндарнага і сямейнага цыклаў), такія як Каляды, “Жаніцьба Цярэшкі”, Саракі, Тройца, Купалле, жніво, вяселле, хрэсьбіны. Сярод запісаных фальклорных матэрыялаў найбольшую цікавасць уяўляюць успаміны жыхароў Глыбоччыны пра ўнікальную зімовую шлюбную гульню “Жаніцьба Цярэшкі”. Адметнасцю рэгіёна з’яўляецца невялікая колькасць звестак па малых фальклорных жанрах, замовах, прыкметах і павер’ях, народнай міфалогіі.
Фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы былі запісаны ў вёсках Празарокі, Удзела, Шыпы, Бараны, Ластавічы, Мосар, Залессе, Запруддзе, Карабы, Забор’е, Шэпелева, Мнюта 1, Мнюта 2, Гатаўшчына, Шчарбы, Валодзькова, Сукліна, Каравацічы, Левашы, Вераб’і, Броннае, Заспа і інш.
Выданне будзе карысным для ўсіх, хто неабыякавы да захавання духоўнай спадчыны роднага краю.