Навіны НВФЛ
- Подробности
- Просмотров: 2930
У ліпені 2025 года ў друку з'явілася чарговае выданне, прысвечанае народнай духоўнай культуры Светлагорскага раёна (аўтары-ўкладальнікі доктар філалагічных навук, прафесар В. С. Новак, кандыдат філалагічных навук, дацэнт А. А. Кастрыца, доктар філалагічных навук В. К. Шынкарэнка, магістр філалагічных навук А. Д. Дакукін і інш.
«Светлыя далі роднага краю...» – такую паэтычную назву кніга атрымала невыпадкова. Ва ўступным слове прарэктар па навуковай рабоце УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» Дзмітрый Леанідавіч Каваленка адзначыў, што назва кнігі абумоўлена любоўю жыхароў да традыцый малой радзімы, павагай да мінулага, уменнем шанаваць набыткі продкаў. Сапраўды незгасальным унутраным святлом народнага мыслення напоўнены старонкі кнігі, прысвечаныя абрадам і звычаям, песням, прыкметам, павер'ям і іншым фальклорным жанрам. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя народнай мудрасці з'яўляецца выдатнай крыніцай фарміравання высокіх грамадзянскіх пачуццяў, выхавання любові і павагі да свайго народа, традыцый роднага краю.
6 верасня 2025 года на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі праводзіўся фестываль навукі. Удзельнікамі інтэрактыўнай пляцоўкі "Скарбы народнай мудрасці беларусаў. Фальклор - аснова духоўнага жыцця нацыі" сталі студэнты філалагічнага і біялагічнага факультэтаў.
Прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры В. С. Новак і студэнтка групы РФ-31 Вікторыя Краўчанка прыклалі шмат намаганняў, каб арганізаваць працэс паспяховай падрыхтоўкі да навукова-папулярнага мерапрыемства "Фестываль навукі 2025".
Студэнты біялагічнага факультэта браты Андрэй і Мікалай Капшай, Аляксей Бруй і Цімур Літвінчук разам са студэнтамі філалагічнага факультэта Дзмітрыем Мяркулавым, Кацярынай Бондар, Анастасіяй Магілат, Віялетай Пелагейчык, Дар'яй Дубковай, Валерыяй Клімавай прадставілі гледачам асобныя фрагменты сцэнізацыі беларускага вяселля. Тэатралізаваныя дзеянні ўсіх студэнтаў былі гарманічнымі і парадавалі наведвальнікаў мерапрыемства, якія шчыра дзякавалі і за пачутыя звесткі пра вясельную абраднасць, і за выкананне роляў нявесты і жаніха, бацькоў маладых, кума і інш.
Што да выставы кніг па народнай духоўнай спадчыне раёнаў Гомельскай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі, то ўсе студэнты разам з выкладчыкам гарманічна дапаўнялі адзін аднаго, дэманструючы кнігі. Таццяна Гарусава разам з Дзмітрыем Мяркулавым і Марыяй Стаўскай праводзілі майстар-клас, прысвечаны загадкам. Стараста групы Надзея Васкевіч і Таццяна Гарусава, выконваючы ролі вядучых, распавядалі пра асаблівасці беларускага вяселля.
І выкладчык В. С. Новак, і студэнты імкнуліся данесці да наведвальнікаў фестывалю ідэю важнасці звароту да скарбаў народнай мудрасці. Многіх людзей цікавілі кнігі па народнай духоўнай культуры тых раёнаў, адкуль іх карані, з цікавасцю ўспрымалі звесткі пра колішнія абрады і звычаі не толькі сталыя жыхары г. Мінска, але і моладзь. Несумненна, што ўдзел студэнтаў у фестывалі навукі з'явіўся важным момантам у іх інтэлектуальным і духоўным развіцці.
/>
24 красавіка 2025 г. адбылося пасяджэнне секцыі "Фалькларыстыка" LlV студэнцкай навуковай канферэнцыі "Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства".
Кіраўнік секцыі Новак В. С., сакратар - Казлякоўскі Аляксей. Выступілі студэнты 3, 2 і 1 курсаў. Даклады былі прысвечаны даследаванню традыцый радзінна-хрэсьбіннай абраднасці г. Гомеля, Жыткавіцкага раёна, рэгіянальна-лакальных асаблівасцей вясельнай абраднасці Калінкавіцкага і Чачэрскага раёнаў. Цікавымі былі выступленні, прысвечаныя абраду выклікання дажджу на тэрыторыі Рагачоўскага раёна, прыказкам і прымаўкам у сучасных запісах (на матэрыяле фальклору г. Гомеля), традыцыям пахавальнай абраднасці Чачэрскага раёна і інш.
21 красавіка 2025 г. студэнты групы ЭІ-21 у межах вывучэння тэмы "Культура Беларусі" па дысцыпліне "Культуралогія" далучыліся да традыцыйнай духоўнай спадчыны нашых продкаў. Прафесар В. С. Новак пазнаёміла студэнтаў з цікавымі з'явамі народнага календара і сямейнай абраднасці беларусаў. Гутарка была важнай для выхавання высокай грамадзянскасці асобы, пачуцця патрыятызму, гонару за свой народ, яго невычэрпную скарбонку народнай мудрасці і перададзены нашчадкам у спадчыну дасканалы маральна-этычны кодэкс. Студэнтам былі прадэманстраваны асобныя выданні па народнай духоўнай культуры Гомельшчыны як рэгіёна, у якім і сёння захоўваецца самабытная фальклорная спадчына беларусаў.
14 красавіка 2025 г. адбылася LIV студэнцкая навуковая канферэнцыя "Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства". На пленарным пасяджэнні з дакладам, прысвечаным народным вераванням жыхароў Калінкавіцкага раёна, выступіў студэнт 3 курса (група БЗА-31) Казлякоўскі Аляксей Аляксандравіч . Студэнт засяродзіў увагу на павер'ях, звязаных з народнай метэаралогіяй, каляндарнай і сямейнай абраднасцю. Дакладчык прывёў цікавыя прыклады, выкарыстаныя аўтарам з матэрыялаў палявых экспедыцый. Рыхтуючы выступленне, аўтар працаваў ў архіве навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры.
29 студзеня ў дзяржаўнай установе "Лельчыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма" адбылася прэзентацыя кнігі "У ціхіх Лельчыцах сэрца лечыцца" (Гомель, 2024 г.). У гэтым мерапрыемстве прыняла ўдзел прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак як адзін з укладальнікаў выдання, прысвечанага народнай духоўнай культуры Лельчыцкага Палесся.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел дырэктар установы "Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці" Наталля Сафрановіч і дырэктар установы "Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна" Таццяна Забіяка. Валянціна Новак расказала, як стваралася кніга, які яе змест і пазнаёміла прысутных з яскравымі адметнымі асаблівасцямі бытавання фальклорных традыцый лельчыцкага краю.
Напрыканцы выступлення было адзначана, што прадстаўленыя ў кнізе аўтэнтычныя фальклорныя матэрыялы, сабраныя студэнтамі і выкладчыкамі ГДУ імя Ф. Скарыны ў палявых экспедыцыях на тэрыторыі Лельчыцкага раёна, з'яўляюцца надзвычай багатай і каштоўнай крыніцай народнай мудрасці.
https://www.lelchbibl.by/ru/chitaemye/prezentatsiya-knigi-u-tsikhikh-lelchytsakh-sertsa-lechytstsa-narodnaya-dukho-naya-kultura-lelchytskaga-rajona
13 снежня студэнты групы РФ-11 наведалі разам з прафесарам В. С. Новак філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Экскурсавод прапанавала наведвальнікам-філолагам цікавае падарожжа ў мінулае нашых продкаў, удала спалучыўшы ў сваім расповедзе этнаграфічныя звесткі і фальклорныя матэрыялы пра экспанаты выставы. Напрыклад, з захапленнем слухалі пра семантыку розных ўзораў на арнаментальных кампазіцыях ручнікоў, якія, даносячы да нас далёкі голас беларусаў з мінулага, знаёмілі з высокім сэнсам Космасу продкаў. Цікава было пазнаёміцца з семантыкай архетыпу крыжа, з асновамі ткацкага рамяства і інш. Далучэнне да народнай спадчыны, матэрыяльнай і духоўнай, было надзвычай карысным для першакурснікаў, мела і пазнавальнае, і выхаваўчае значэнне.
«У ціхіх Лельчыцах сэрца лечыцца: народная духоўная культура Лельчыцкага раёна» – так называецца чарговая кніга з серыі «Мая малая радзіма», аўтарамі-ўкладальнікамі якой з’яўляюцца д.ф.н., прафесар Валянціна Новак, к.ф.н., дацэнт Алена Кастрыца. У кнізе прадстаўлены звесткі пра знакамітых асоб і творчыя калектывы Лельчыцкага раёна, змешчаны артыкулы, прысвечаныя тапанімічным і этналінгвістычным з'явам, апублікаваны матэрыялы палявых экспедыцый апошніх дзесяцігоддзяў на тэрыторыі раёна і артыкулы, у якіх асэнсаваны лакальна-рэгіянальныя асаблівасці фальклорна-этнаграфічных і міфалагічных з'яў. На думку прарэктара па навуковай рабоце УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» Дзмітрыя Леанідавіча Каваленкі, «у гэтым запаветным краі захаваліся старадаўнія абрады, звычаі, песні, казкі, легенды, прыказкі і прымаўкі, прыкметы і павер'і і іншыя фальклорныя жанры, носьбітамі якіх з'яўляліся і з'яўляюцца сёння самі жыхары, працалюбівыя і таленавітыя, гасцінныя і душэўныя палешукі. Яны шчыра шануюць сваю малую радзіму, актыўна зберагаюць шматвяковую спадчыну роднай зямлі». Вывучэнне традыцыйнай духоўнай спадчыны беларусаў – справа важная і пачэсная. На ўручэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне» ў 2023 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў: «Ад таго, як мы беражом чысціню роднай мовы, якія святы і сімвалы ўпускаем у свой дом, залежыць будучыня нашых дзяцей»
https://www.gsu.by/ru/node/8221
Студэнты групы ФІН -21 разам з выкладчыкам, прафесарам Валянцінай Новак наведалі філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава
1 кастрычніка 2024 г. на філалагічным факультэце адбылася канферэнцыя, прысвечаная вынікам вучэбнай фальклорнай практыкі, якой кіравалі выкладчыкі кафедры рускай і сусветнай літаратуры прафесар В. С. Новак і дацэнт А. А. Кастрыца. У аўдыторыі сабраліся студэнты першага курса (груп БФ-11 і РФ-11), якіх таксама ўлетку 2025 г. чакаюць цікавыя сустрэчы з носьбітамі традыцыйнай духоўнай культуры.
Свае змястоўныя справаздачы, якія суправаджаліся прэзентацыямі, прадставілі студэнты групы РФ-21, якія зацікавілі гледачоў не толькі звесткамі пра запісаныя ў вёсках Чачэрскага раёна абрады і звычаі, прыкметы і павер'і, але і тымі цёплымі ўспамінамі, што засталіся ў кожнага з ўдзельнікаў палявой экспедыцыі падчас сустрэчы з жыхарамі. Менавіта гэтым сціплым і працавітым, шчодрым і гасцінным людзям былі адрасаваны студэнтамі словы ўдзячнасці за імкненне захаваць і перадаць у спадчыну скарбы народнай мудрасці.
Студэнты і выкладчыкі не толькі плённа папрацавалі падчас экспедыцыі, але і пазнаёміліся з унікальнымі архітэктурнымі помнікамі, музеямі. Як адзначылі самі студэнты: "Уезжали с ощущением, что прикоснулись к чему-то важному, историческому, настоящему".
Сабраныя ў экспедыцыі і архіўныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы складуць аснову кнігі, прысвечанай народнай духоўнай культуры Чачэрскага раёна.
19 красавіка 2024 г. адбылося пасяджэнне секцыі "Фалькларыстыка", удзел у якой прынялі студэнты першага курса спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура, замежная, мова (англійская), а таксама студэнты 2 курса спецыяльнасці Руская філалогія". Сакратар секцыі А. А. Казлякоўскі разам з прафесарам В. С. Новак запрашалі кожнага з удзельнікаў агучыць свой даклад. Прысутныя задавалі пытанні. Паведамленні студэнтаў былі змястоўнымі, цікавымі і карыснымі. Навуковыя распрацоўкі студэнтаў былі прысвечаны розным фальклорным жанрам, асобныя выступленні былі падрыхтаваны на ўласных запісах аўтараў, а таксама выкарыстаны матэрыялы навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі ГДУ імя Ф. Скарыны.