Актуальныя праблемы філалогіі. Выпуск 13
Апублікаваны зборнік навуковых артыкулаў “Актуальныя праблемы філалогіі. Выпуск 13”.
Традыцыйна ў зборнік “Актуальныя праблемы філалогіі” ўключаюцца навуковыя публікацыі, якія адлюстроўваюць вопыт рознабаковага асэнсавання праблем мовазнаўства, літаратуразнаўства і фалькларыстыкі.
“Актуальныя праблемы філалогіі. Выпуск 13” уключыў артыкулы студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, у сферу навуковых інтарэсаў якіх уваходзяць актуальныя праблемы мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыкі, перакладазнаўства.
У зборніку навуковых артыкулаў “Актуальные проблемы филологии” прадстаўлены працы маладога пакалення даследчыкаў літаратуры, мовы і фальклору, якія выразна характарызуюць належны ўзровень і перспектывы развіцця беларускай філалагічнай навукі ў ХХІ стагоддзі. Зборнік складаецца з трох частак, кожная з якіх рэпрэзентуе навуковыя пошукі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў філалагічнага факультэта і факультэта замежных моў ГДУ імя Ф.Скарыны, а таксама іншых вну краіны ў адпаведнай галіне гуманітарных даследаванняў.
Літаратуразнаўчыя артыкулы прысвечаны самым разнастайным праблемам класічнага і сучаснага, рускага і айчыннага вербальнага мастацтва. Акрамя прац манаграфічнага характару, дзе даследуюцца асаблівасці паэтыкі (адметнасці вобразна-сімвалічных структур, жанравая спецыфіка, тыпалагічныя сыходжанні і інш.), ідэйна-эстэтычных і светапоглядных канцэпцый асобных пісьменнікаў, у зборніку прадстаўлена нямала даследаванняў панарамна-аглядавага характару. Апошнія характарызуюцца даволі цікавымі падыходамі ў асэнсаванні актуальных праблем сённяшняга мастацтва слова і выбарам маладаследаваных ракурсаў разгляду літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў (экзістэнцыйныя праблемы, жанравыя мадыфікацыі і інш.). Акрамя таго, шэраг артыкулаў прысвечаны пытанням тэорыі літаратуры.
Лінгвістычныя артыкулы таксама закранаюць шырокі спектр праблем, звязаных з рознымі раздзеламі мовазнаўства: фразеалогіяй, гісторыяй мовы, анамастыкай, стылістыкай, лексікалогіяй і інш. Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе працы, прысвечаныя тэорыі перакладу, надзвычай складанай і запатрабаванай у сённяшняй навуцы галіне лінгвістычнай дзейнасці.
Артыкулы, змешчаныя ў трэцім раздзеле (“Фалькларыстыка”), грунтуюцца на сабраным самімі аўтарамі матэрыяле і ўяўляюць сабой арыгінальныя даследаванні ў рэчышчы катэгорый “лакальнае”, “рэгіянальнае” і “нацыянальнае”. Даволі плённым накірункам даследавання бачыцца супастаўленне фальклорных і літаратурных тэкстаў.