Зборнік навуковых артыкулаў "Актуальныя праблемы філалогіі"
На пачатку навучальнага года выйшаў у свет 15 выпуск зборніка навуковых артыкулаў студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў "Актуальныя праблемы філалогіі".
У зборніку навуковых артыкулаў “Актуальныя праблемы філалогіі” прадстаўлены працы маладога пакалення даследчыкаў літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, якія выразна характарызуюць належны ўзровень і перспектывы развіцця беларускай філалагічнай навукі ў ХХІ стагоддзі.
Зборнік складаецца з трох частак, кожная з якіх рэпрэзентуе навуковыя пошукі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў філалагічнага факультэта, факультэта замежных моў і факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны” ў адпаведнай галіне гуманітарных даследаванняў.
Літаратуразнаўчыя артыкулы прысвечаны самым разнастайным праблемам класічнага і сучаснага, рускага і айчыннага вербальнага мастацтва. Акрамя прац манаграфічнага характару, дзе даследуюцца асаблівасці паэтыкі (адметнасці вобразна-сімвалічных структур, жанравая спецыфіка, тыпалагічныя сыходжанні і інш.), ідэйна-эстэтычных і светапоглядных канцэпцый асобных пісьменнікаў, у зборніку прадстаўлена нямала даследаванняў панарамна-аглядавага характару. Апошнія характарызуюцца даволі цікавымі падыходамі ў асэнсаванні актуальных праблем сённяшняга мастацтва слова і выбарам маладаследаваных ракурсаў разгляду літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў (экзістэнцыйныя праблемы, жанравыя мадыфікацыі і інш.). Акрамя таго, шэраг артыкулаў прысвечаны пытанням тэорыі літаратуры.
Лінгвістычныя артыкулы таксама закранаюць шырокі спектр праблем, звязаных з рознымі раздзеламі мовазнаўства: фразеалогіяй, гісторыяй мовы, анамастыкай, стылістыкай, лексікалогіяй і інш.
Артыкулы, змешчаныя ў трэцім раздзеле (“Фалькларыстыка і этнаграфія”), грунтуюцца на сабраным самімі аўтарамі матэрыяле і ўяўляюць сабой арыгінальныя даследаванні ў рэчышчы катэгорый “лакальнае”, “рэгіянальнае” і “нацыянальнае”. Шэраг артыкулаў разглядаюць актуальныя пытанні краязнаўства і этнаграфіі.