Актуальныя праблемы філалогіі: выпуск 17

На пачатку навучальнага года выйшаў у свет 17 выпуск зборніка навуковых артыкулаў студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў "Актуальныя праблемы філалогіі".                                                                 

У зборніку навуковых артыкулаў “Актуальныя праблемы філалогіі” прадстаўлены працы маладога пакалення даследчыкаў літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, якія выразна характарызуюць належны ўзровень і перспектывы развіцця беларускай філалагічнай навукі ў ХХІ стагоддзі. 

Зборнік складаецца з трох частак, кожная з якіх рэпрэзентуе навуковыя пошукі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў філалагічнага факультэта і факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны” ў адпаведнай галіне гуманітарных даследаванняў.

Літаратуразнаўчыя артыкулы прысвечаны самым разнастайным праблемам класічнага і сучаснага, рускага і айчыннага вербальнага мастацтва. Акрамя прац манаграфічнага характару, дзе даследуюцца асаблівасці паэтыкі (адметнасці вобразна-сімвалічных структур, жанравая спецыфіка, тыпалагічныя сыходжанні і інш.), ідэйна-эстэтычных і светапоглядных канцэпцый асобных пісьменнікаў, у зборніку прапануюцца  даследаванні панарамна-аглядавага характару. Апошнія характарызуюцца даволі цікавымі падыходамі ў асэнсаванні актуальных праблем сённяшняга мастацтва слова і выбарам маладаследаваных ракурсаў разгляду літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў (экзістэнцыйныя праблемы, жанравыя мадыфікацыі і інш.). Акрамя таго, шэраг артыкулаў прысвечаны пытанням тэорыі літаратуры.

Лінгвістычныя артыкулы таксама закранаюць шырокі спектр праблем, звязаных з рознымі раздзеламі мовазнаўства: фразеалогіяй, гісторыяй мовы, анамастыкай, стылістыкай, лексікалогіяй, а таксама надзённым пытанням выкладання філалагічных дысцыплін.

Артыкулы, змешчаныя ў трэцім раздзеле (“Фалькларыстыка і этнаграфія”), грунтуюцца на сабраным самімі аўтарамі матэрыяле і ўяўляюць сабой арыгінальныя даследаванні ў рэчышчы катэгорый “лакальнае”, “рэгіянальнае” і “нацыянальнае”. Шэраг артыкулаў разглядаюць актуальныя пытанні краязнаўства і этнаграфіі.

 

 

IMG-20240930-102626

 

IMG-20240930-102648

 

IMG-20240930-102729

 

 

 

 

2011 Актуальныя праблемы філалогіі: выпуск 17. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates