Магчымасць працягнуць навучанне за мяжой
У чытальнай зале галоўнага корпуса 18 снежня адбылася цікавая сустрэча з прадстаўніком арганізацыі “Амерыканскія Саветы па Міжнароднай Адукацыі” (Вільня, Летува) Віктарам Хоцімам, які распавёў пра магчымасць адукацыі за мяжой. Прысутнічалі на дадзеным мерапрыемстве і студэнты групы БФ-41 філалагічнага факультэта.
Запрошаны госць звярнуў увагу, што сёння ўсё больш папулярнай становіцца з’ява, калі студэнты розных устаноў вышэйшай адукацыі праходзяць стажыроўкі ў іншых краінах, атрымліваюць там стыпендыі і гранты на навучанне. У дадзенай праграме актыўна ўдзельнічае і беларуская моладзь, але пераважна з буйных сталічных універсітэтаў. Пагэтаму В. Хоцім заклікаў гомельскіх студэнтаў не быць пасіўнымі, а таксама далучыцца да праграмы навучання за мяжой.
Важны крок – гэта збор і афармленне патрэбных дакументаў, ад якасці і правільнасці якіх залежыць поспех задуманага, бо колькасць месцаў абмежаваная і адбор вядзецца на конкурснай аснове. Дакладчык больш падрабязна спыніўся на напісанні такіх папер, як матывацыйны і рэкамендацыйны лісты: расказаў пра іх сутнасць, функцыі, структуру. Акрэсліў таксама тыповыя памылкі і прывёў узор напісання дадзеных дакументаў.
Спадзяёмся, што атрыманая інфармацыя была карыснай для слухачоў і спатрэбіцца ім у далейшым жыцці
А. Дакукін, Я. Васіленка.