ПЛАНЕТА БЕЛАРУСЬ – НЕЗНАЁМАЯ І ЧАРОЎНАЯ

28 лютага студэнты группы БФ-21 разам з дэканам філалагічнага факультэта Аленай Мікалаеўнай Палуян наведалі фотавыставу “Планета Беларусь”, якая была адкрыта 19 лютага 2019 г. у ДУ “Музей гісторыі горада Гомеля”  і будзе праходзіць да 3 сакавіка 2019 г.

Дадзеная выстава прысвечана працам знакамітага фатографа Сяргея Плыткевіча, ураджэнца Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, які ажыццявіў больш за сто палётаў над Беларуссю , каб убачыць і паказаць яе прыгажосць. Вынікам гэтай працы сталі фотаальбомы “Нечаканая Беларусь” і “Планета Беларусь”. Акрамя гэтых прац, знакаміты фатограф з’яўляецца аўтарам фотаальбомаў “Мая Беларусь”, “Беларуская экзотыка”, “Ад Полацка пачаўся свет”, “Палессе”, “Запаведная Беларусь”, а таксама здымкаў для мноства даведнікаў, камплектаў паштовак, брашур, плакатаў.

Экскурсавод музея, перад тым як пачаць знаёміць з выставай ”Планета Беларусь”, паведаміла студэнтам аб гісторыі паходжання самога музея, а таксама данесла інфармацыю пра біяграфію і творчасць Сяргея Плыткевіча. Што было вельмі цікава і карысна паслухаць, бо не ўсе да гэтага часу ведалі пра знакамітага фатографа і яго творчую дзейнасць.

Тое, наколькі студэнты былі вельмі захоплены фотавыставай, не перадаць словамі. У выставачнай зале давялося ўбачыць мноства прывабных і прафесійных карцін беларускай прыроды і архітэктурных помнікаў, якія паказаны з “вышыні птушынага палёту”. Гэта такія працы,  як “Брэсцкая крэпасць”, карціны ракі Прыпяць,краявіды  Палесся, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і г.д. А яшчэ студэнтам выдалася  магчымасць трапіць у свет фаўны, убачыць фотаздымкі жывёл, якія зроблены ў “Чырвоным бары”, а таксама сфатаграфавацца каля іх.

Уражанне пасля наведвання выставы засталося ва ўсіх незабыўнае, настрой такі добры, што нават не ўсе хацелі пакідаць гэта чароўнае і казачнае месца, якое захапіла сэрца. Таму студэнты былі вельмі ўдзячны арганізатарам і дэкану факультэта за тое, што запрасілі наведаць гэтую кранальную і прыгожую выставу.

Панчэня Марына,

студэнтка групы БФ-21 філалагічнага факультэта

 

 

2011 ПЛАНЕТА БЕЛАРУСЬ – НЕЗНАЁМАЯ І ЧАРОЎНАЯ. Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates