Неделя филологического факультета. День второй
Падарожжа ў краіну народнай мудрасці…
10 красавіка ў межах дзён філалагічнага факультэта да нас на заняткі па фалькларыстыцы былі запрошаны жыхары г. Гомеля, носьбіты фальклорна-этнаграфічнай спадчыны Брагіншчыны, ураджэнцы в. Каманоў Аркадзь Трафімавіч Купрэенка і яго дачка Масціцкая Валянціна Аркадзьеўна. Падчас гэтай сустрэчы, арганізаванай прафесарам кафедры рускай і сусветнай літаратуры Валянцінай Станіславаўнай Новак невыпадкова (напрыканцы чэрвеня мы выязджаем на фальклорную практыку), у нас была цудоўная магчымасць пагутарыць з інфармантамі пра абрады і звычаі іх вёскі. Надзвычай цікавымі былі ўспаміны Аркадзя Трафімавіча, якому споўнілася дзевяноста два гады, пра яго жыццё, а таксама пра розныя з’явы народнага календара, сямейныя абрады і звычаі. Нам пашчасціла запісаць цікавыя звесткі пра ўласна вяселле, паслявясельную частку, якая мела такія назвы, як “Цыганы”, “Разгрэбіны”, радзінна-хрэсьбінны абрад разбівання гаршка з кашай, шматлікія прыкметы і павер’і. Хочацца выказаць словы шчырай падзякі таленавітаму чалавеку, натхнёнаму захавальніку народнай спадчыны малой радзімы, Аркадзю Трафімавічу Купрэенку, а таксама яго дачцэ, Валянціне Аркадзьеўне, якая іншы раз дапаўняла яго мемараты. Госці зачаравалі нас сваімі ведамі пра колішнія народныя святы і звычаі роднай зямлі. Мы вельмі рады, што запісаныя намі матэрыялы ўвойдуць арганічнай часткай у кнігу па духоўнай культуры Брагінскага раёна, якая рыхтуецца да выдання.
Група БФ-11