ЖЫВАЯ ТРАДЫЦЫЯ ПРОДКАЎ (У “Юраўскім карагодзе” – выкладчыкі і студэнты ГДУ імя Ф.Скарыны)
Маляўнічая працэсія з іконай наперадзе, караваем з запаленай свечкай, упрыгожаным майскай зелянінай і кветкамі, з граблямі з зялёным фартухом рухалася па вуліцы на ўскраіну вёскі, да жытнёвага поля. Да мясцовых жыхароў, апранутых па-святочнаму, у беларускім нацыянальным адзенні далучыліся шматлікія госці, якія прыехалі 6 мая, у дзень Святога Георгія Пабеданосца, у вёску Пагост Жыткавіцкага раёна, каб стаць сведкамі абраду ”Юраўскі карагод”.
Унікальны абрад праводзіцца тут на працягу трох дзесяцігоддзяў, дзякуючы народнаму фальклорна-этнаграфічнаму калектыву “Міжрэчча”, яго стваральніку і кіраўніку, захавальніку мясцовых традыцый, спявачцы і майстру народных рамёстваў Кацярыне Аляксееўне Панчэня. Ад яе хаты, якая нагадвае сапраўдны этнаграфічны музей, з вытканымі і вышытымі яе рукамі посцілкамі і ручнікамі, дзе спяклі і ўпрыгожылі абрадавы хлеб –“карагод”, і пачалося ўрачыстае шэсце на поле. Тут вяскоўцы вадзілі карагод, спявалі і прасілі, каб у гэтым годзе быў добры ўраджай: “Радзі, божа, жыта на новае лета”, каб усе былі здаровымі і шчаслівымі.
Хмарнае неба і дробны дожджык не сапсавалі прыўзнятага настрою ні самім удзельнікам абрадавага дзеяння, ні яго відавочцам. Свята потым перамясцілася да Пагосцкага клуба-бібліятэкі, дзе мясцовыя самадзейныя артысты танчылі, пад гармонік выконвалі народныя песні, якія спявалі яшчэ іх бабулі і прабабулі, вадзілі карагод і запрашалі стаць у яго ўсіх жадаючых. А на развітанне гасцей пачаставалі смачнымі стравамі, надзялілі кожнага кавалкам абрадавага каравая.
Жывую традыцыю продкаў, якой у 2004 годзе, першай у Рэспубліцы Беларусь, прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, цікава было ўбачыць выкладчыкам і студэнтам ГДУ імя Ф.Скарыны. Паездку на жыткавіцкую зямлю, дзе шануюць свае абрады і традыцыі, для іх, а таксама навучэнцаў і педагогаў каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, наладзіў Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Гомелі. Вялікую арганізацыйную работу правёў дацэнт кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Арцём Леанідавіч Стрыжак, за што яму вялікі дзякуй.
Выдатны настрой, атрыманы ў в. Пагост, дапоўнілі не менш прыемныя ўражанні ад экскурсіі ў г.Тураў, дзе можна было пабачыць славутыя каменныя крыжы, аб якіх вядома далёка за межамі Беларусі.
Тамара ДУБЯК
Фота Алены КАСТРЫЦЫ, Валянціны НОВАК