Вечарына з нагоды 60-годдзя нараджэння Анатоля Сыса
23 кастрычніка на філалагічным факультэце адбылася вечарына з нагоды 60-годдзя нараджэння Анатоля Сыса (1959–2005), аднаго з самых адораных беларускіх паэтаў, выпускніка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Анатоль Сыс – аўтар зборнікаў паэзіі “Агмень» (1988), «Пан лес» (1989), «Сыс» (2002).
Падчас вечарыны гучалі згадкі выкладчыкаў пра студэнта А. Сыса, сённяшнія студэнты дзяліліся сваімі ўражаннямі ад паэзіі нашага славутага выпускніка. Андрэй Мельнікаў, у творчым рэпертуары якога каля двух дзясяткаў песен на вершы А. Сыса, выканаў як добра вядомыя, так і новыя песні, падзяліўся сваім бачаннем творчасці і постаці паэта. Паказальна, што А. Мельнікаў – таксама выпускнік ГДУ імя Ф. Скарыны, аўтар дзвюх кніг, прысвечаных А. Сысу. Адна з гэтых кніг выйшла ў серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі прафесара І. Штэйнера “Feci guod potui”, прысвечанай А.Сысу і яго вучобе ў сценах ГДУ. Кафедрай беларускай літаратуры праводзіцца значная работа па вывучэнні жыцця і творчасці нашых выпускнікоў. Постаці А. Сыса прысвечана кніга І. Штэйнера “Свае руны мне не вышыць…”: спадчына Анатоля Сыса” (2008).
І. Штэйнер сцвярджае: “Жыццё і творчасць А. Сыса – гэта своеасаблівы эксперымент, праведзены нейкай сілай з адпаведнай мэтай – вызначыць змест, сутнасць, перспектывы развіцця беларускага прыгожага пісьменства мінулага стагоддзя. А ягоная творчасць – гэта “кароткі паўтарыцельны курс” (М. Багдановіч) усёй беларускай паэзіі, развага аб яе значнасці і незапатрабаванасці, ідэалах і арыенцірах”.
Постаць А. Сыса сёння – легенда для сучасных студэнтаў. А які ўніверсітэт без сваёй гісторыі, міфалогіі, славутасцей?