Конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”

     7 снежня 2019 года на базе ДУА “Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа” адбыўся чарговы абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў 9 – 11 класаў школ г. Гомеля і Гомельскай вобласці. У якасці членаў журы былі запрошаны выкладчыкі філалагічнага факультэта: праф. Ляшчынская В.А., дац. Палуян А.М., дацэнт Бажок І.А., дац. Воінава А.М., дац. Вяргеенка С.А., дац. Кастрыца А.М., дац. Мінакова Л.М., Паплаўная Л.В., дац. Хазанава К.Л., дац. Шведава З.У. , ст. выкл. Панкова Н.М. Старшынёй конкурсу абрана прафесар кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар – В.А. Ляшчынская.

     Конкурс праходзіў у два этапы. Першы этап – мультымедыйнае эсэ, якое было дамашнім заданнем і заключалася  ў выглядзе вуснага выказвання на агульную для ўсіх тэму (для 9-га класа – «Традыцыйны беларускі нацыянальны касцюм», для 10-га класа – «Традыцыйныя беларускія нацыянальныя стравы», для 11-га класа – «Беларускі нацыянальны арнамент») і мультымедыйную прэзентацыю свайго выступлення. Другі этап заключаўся ў падрыхтоўцы тэксту вуснага выказвання на адну з прапанаваных двух тэм, адзначаных у картках, што выцягваў кожны вучань і рыхтаваў не менш як 15 мінут.

     Вынікі конкурсу паказалі добрае валоданне нормамі беларускай літаратурнай мовы, выпрацаваныя ўменні падбіраць ілюстрацыйны і фактычны матэрыял па тэме выказвання, апрацоўваць і складаць тэкст выступлення як дамашняга задання. Крыху горш было з выказваннем на прапанаваную тэму ва ўмовах аўдыторыі, не заўсёды правільным разуменнем тэмы для выказвання ў выглядзе цытаты з твораў беларускіх мастакоў слова. Але ўвогуле конкурс прадэманстраваў высокі ўзровень валодання беларускай мовай, асэнсаваннем яе месца і ролі ў камунікацыйных мэтах, як мовы тытульнай нацыі і неабходнасці яе раўнапраўнага выкарыстання ў грамадстве.  У кожным класе нашымі выкладчыкамі была праведзена прафарыентацыйная гутарка аб ГДУ імя Ф. Скарыны і нашым факультэце з заклікам паступаць на філалагічны факультэт.

         В.А. Ляшчынская, З.У. Шведава

 

 

 

2011 Конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” . Филологический факультет им. Ф. Скорины
Powered by Joomla 1.7 Templates