НА ШЛЯХУ ДА НОВЫХ ВЯРШЫНЬ!
З 13 па 16 студзеня на базе аграрна-тэхнічнага ліцэя г. Гомеля праходзіў трэці тур Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У мерапрыемтсве бралі ўдзел 102 навучэнцы Гомеля і Гомельскай вобласці. Членамі журы былі выкладчыкі кафедр беларускай мовы і беларускай літаратуры УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”.
Сёлета алімпіяда праходзіла ў два туры. У першы дзень удзельнікам прапанавалі напісаць водгук на паэтычны (9 і 11 класы) і празаічны (10 клас) твор. Водгук на мастацкі твор належыць да найбольш складаных і адказных конкурсаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Ён з’яўляецца відам працы творчага характару, які набліжаецца па сваіх канонах да сачынення-разважання, эсэ, рэцэнзіі. Для яго напісання няма абавязковых схем, гатовых шаблонаў, і гэта стварае для канкурсантаў пэўныя цяжкасці. У цэлым алімпіяднікі справіліся з пастаўленымі перад імі задачамі, правільна вызначылі тэму, ідэю, кола праблем, абгрунтавалі аўтарскую пазіцыю. Прыемна, што было даволі шмат работ, дзе вучні прадэманстравалі свой чытацкі кругагляд, здолелі нешта сказаць пра аўтара, назваць творы іншых аўтараў.
У другі дзень навучэнцы выконвалі комплексную работу, якая складалася з 10 заданняў і ахоплівала практычна ўсе раздзелы мовы і літаратуры: арфаграфію, фразеалогію, стылістыку, марфалогію, сінтаксіс, тэорыю літаратуры. Былі заданні творчага характару: па апісанні пазнаць аўтара і твор і напісаць тэкст буктрэйлера да гэтага твора; прыдумаць трыялет, выкарыстаўшы ў якасці пачатку прапанаваныя радкі; рашыць красворд.
45 удзельнікаў атрымалі дыпломы першай, другой і трэцяй ступені. Для вучняў 11 класа такія дыпломы даюць магчымасць паступаць на філалагічны факультэт нашага ўніверсітэта без экзаменаў.