Мы жывём, пакуль помнім. Мы жывыя, пакуль нас помняць
“Мы жывём, пакуль помнім. Мы жывыя, пакуль нас помняць”, – такі надпіс змешчаны на памятным знаку ў цэнтральнай частцы мемарыяльнай зоны на месцы спаленай 14 студзеня 1944 года вёскі Ала Светлагорсксага раёна Гомельскай вобласці.
Назва вёскі паходзіць ад назвы ракі Ала (прыток Бярэзіны), каля якой і было заснавана пасяленне. Упамінаецца ў дакументах 1795 года як населены пункт Бабруйскага павета Мінскай губерні. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны вёска Ала налічвала 34 двары і 168 жыхароў. Была акупавана ў канцы ліпеня 1941 года.
Да студзеня 1944 года ў Алу сышліся, ратуючыся ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, жыхары вёсак Чыркавічы, Здудзічы, Ракшын, Рудня, Іскра, Какаль (Светач), Дзеднае цяперашняга Светлагорскага раёна, Кароткавічы, Плесавічы, Сельнае, Мормаль цяперашняга Жлобінскага раёна. Бежанцы будавалі зямлянкі, сяліліся ў гаспадарчых пабудовах.
Раніцай 14 студзеня 1944 года карны атрад нацыстаў разам з вайсковай часцю, якая налічвала каля 1000 салдат, акружыў вёску Ала. Людзей заганялі ў дамы, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў збегчы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. Было расстраляна і спалена 1758 мірных жыхароў, з іх 100 мужчын, 508 жанчын, 950 дзяцей, 200 старых. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны вёска так і не адрадзілася. Як памяць аб трагедыі былі ўстаноўлены крыж і памятны камень.
У студзені 2020 года на паседжанні Гомельскага аблвыканкама было прынята рашэнне аб будаўніцтве мемарыяла на месцы спаленай вёскі Ала. Кампазіцыя распрацавана творчай групай ААТ “Інстытут Гомельгражданпраект”. На месцы былых дамоў – іх сімвалічныя абрысы, абеліскі з сілуэтамі людзей. На мемарыяльнай плошчы – брацкая магіла, званіца, стэла з набатным звонам. Тут жа высаджаны спецыяльны гатунак яблынь – з чырванаватым ствалом і чырвонымі пладамі. Знаходзіцца тут і 10 каменных скульптур, на якіх высечаны сюжэты, што перадаюць трагедыю Алы.
Да стварэння мемарыяла далучыліся і выкладчыкі нашага ўніверсітэта – дэканы філалагічнага і гістарычнага факультэтаў А.М. Палуян і С.А. Чаропка, загадчык кафедры беларускай мовы А.М. Воінава, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі М.М. Мязга.
Алена ПАЛУЯН,
дэкан філалагічнага факультэта